Мінск 17:43

Далёкі Усход РФ зацікаўлены ў беларускім паліве і тэхніцы на газе — Круты

4 верасня, Позірк. Мінск мае намер удзельнічаць у развіцці інфраструктуры расійскага Далёкага Усходу, заявіў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Круты па выніках сустрэчы з кіраўнікамі шэрагу рэгіёнаў РФ у рамках Усходняга эканамічнага форуму ва Уладзівастоку 3 верасня.

Як паведамляюць беларускія дзяржаўныя СМІ, Круты анансаваў удзел у развіцці Паўночнага марскога шляху*, які “ўжо трансфармуецца ў больш глабальны праект Трансарктычнага транспартнага калідора, дзе акрамя марскога складніку будуць таксама падключацца больш лакальныя праекты, звязаныя з чыгуначным і аўтамабільным транспартам”.

“Некалькі губернатараў прапанавалі нам паўдзельнічаць у будаўніцтве партовай інфраструктуры, — сказаў чыноўнік. — Што тычыцца тых інвестараў, якія на сёння не справіліся, паводле адпаведных судовых рашэнняў парты будуць вяртацца ў федэральную ўласнасць [РФ]. А беларускім кампаніям, беларускім рэзідэнтам прапанавана замацавацца на Паўночным марскім шляху. Гэта вельмі цікавая тэма”.

Паводле слоў візіцёра, таксама абмяркоўвалася тэма так званага “паўночнага завозу” — штогадовых мерапрыемстваў па забеспячэнні тэрыторый крайняй Поўначы, Сібіры, Далёкага Усходу і еўрапейскай часткі Расіі “асноўнымі жыццёва важнымі таварамі” (харчаваннем і нафтапрадуктамі напярэдадні зімовага сезона).

“Цяпер важна зразумець, як беларускія грузы на сістэмнай аснове будуць паступаць у гэтыя рэгіёны, таму што гэта вельмі прывабная форма пастаўкі нашай прадукцыі, у першую чаргу харчовай, — адзначыў Круты. — Цяпер у іх (у Расіі. — “Позірк”.) велізарная патрэба і ў паліве. Мы абмеркавалі практычныя крокі”.

Акрамя таго, агучаны попыт на тэхніку ў “газаматорным выкананні”, дадаў чыноўнік: “Гэта ў першую чаргу тычыцца МАЗа, БЕЛАЗа, можа быць, часткова МТЗ. Сітуацыя на рынку паліва падштурхоўвае выкарыстоўваць газаматорныя рухавікі горназдабытчыкаў і тыя кампаніі, якія выкарыстоўваюць нашы седлавыя цягачы МАЗ. Мэры гарадоў прапануюць тое ж самае па камунальнай тэхніцы”.

Паводле слоў Крутога, абмяркоўвалася стварэнне сетак спецыялізаваных крамаў беларускіх прадуктаў, губернатары “прапанавалі пайсці далей, у тым ліку выкарыстоўваць магчымасці маркетплэйсаў”.

Расійскія кампаніі “Озон” і “Вайлдберриз” (у апошнія месяцы зазнаюць атакі з боку Украіны. — “Позірк”.) будуць будаваць “вялізныя размеркавальныя цэнтры менавіта на Далёкім Усходзе”, удакладніў ён: “У іх больш сур’ёзныя магчымасці змяншэння кошту лагістыкі. І беларускія тавары не толькі харчовай групы, але і лёгкай прамысловасці, а таксама будаўнічыя матэрыялы маглі б з выкарыстаннем магчымасцяў маркетплэйсаў паступаць <…> па больш камфортных цэнах”.

У кастрычніку 2025 года генеральны дырэктар прадпрыемства “Белмытсервіс” Дзмітрый Кавалёнак паведамляў, што праз санкцыі Захаду Беларусь для адпраўкі грузаў выкарыстоўвае пераважна расійскія парты: “І актыўна выкарыстоўваем, у тым ліку як адзін з варыянтаў далейшага развіцця, Паўночны марскі шлях”.

У верасні 2022 года Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін зацікаўлены ў праходжанні беларускага экспарту праз марскія парты Мурманскай вобласці. У канцы таго ж месяца краіны заключылі пагадненне аб транзіце беларускіх грузаў па тэрыторыі РФ.

У 2024 годзе паведамлялася, што беларуская кампанія “Марскі тэрмінал “Вароты Арктыкі” пабудуе ў Мурманску да 2028 года вялікі порт для перавалкі беларускіх грузаў. Пагадненне пра гэта падпісалі яе генеральны дырэктар Андрэй Бунакоў і губернатар расійскага рэгіёна Андрэй Чыбіс.

5 жніўня інфармагенцтва Reuters са спасылкай на свае разлікі і даныя двух крыніц у паліўнай галіне паведаміла, што пастаўкі бензіну і дызельнага паліва з Беларусі ў Расію ў ліпені 2026 года дасягнулі новага месячнага рэкорду.

Як адзначалася, гэта адбылося на фоне “дэфіцыту паліва, выкліканага незапланаванымі спыненнямі расійскіх нафтаперапрацоўчых заводаў пасля некалькіх месяцаў бесперапынных удараў украінскіх беспілотнікаў”.

Паводле інфармацыі крыніц Reuters, аб’ёмы паставак бензіну з Беларусі ў РФ па чыгунцы ў ліпені выраслі на 13% у параўнанні з чэрвенем і склалі 212 тыс. тон, пастаўкі дызельнага паліва падвоіліся (да 162 тыс. т), авіяцыйнага паліва — знізіліся з 16 да 13,1 тыс. т.

У цэлым аб’ёмы чыгуначных перавозак бензіну з Беларусі ў Расію за першыя сем месяцаў года выраслі ў 25 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га і склалі амаль 665 тыс. т, пастаўкі дызпаліва павялічыліся амаль у 7 разоў, да 418 тыс. т.

Па выніках першай паловы 2026 года Беларусь адправіла ў РФ больш за 453 тыс. т бензіну, што амаль у 20 разоў больш, чым за аналагічны леташні перыяд, паведаміла 9 ліпеня ўкраінскае выданне “Апостраф” са спасылкай на інфармацыю Reuters.

Паводле тых жа даных, экспарт беларускага дызельнага паліва ў РФ за першыя шэсць месяцаў 2026 года вырас амаль у пяць разоў — да 256 тыс. тон.

У апошнія месяцы Украіна рэгулярна наносіць удары па расійскіх аб’ектах перапрацоўкі нафты і захоўвання нафтапрадуктаў, што прывяло да дэфіцыту паліва ў Расіі.

19 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў Аляксандра Лукашэнку спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расійскай арміі. На наступны дзень у звароце да суайчыннікаў ён заявіў, што толькі за студзень — травень пастаўкі бензіну з Беларусі ў Расію выраслі ў 13 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, дызельнага паліва — у тры разы.

Даныя аб экспарце нафтапрадуктаў у РФ Мінск не раскрывае.

*Суднаходны маршрут у расійскай Арктыцы, найкарацейшы марскі шлях паміж еўрапейскай часткай Расіі і Далёкім Усходам.

Падзяліцца: