Мінск 11:54

Да канца года колькасць донараў Міжнароднага гуманітарнага фонду плануецца давесці да 18–20 — Офіс Ціханоўскай

Ілюстрацыйнае фота: Austin Kehmeier / unsplash.com

14 верасня, Позірк. Да канца 2026 года колькасць краін — донараў Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі (МГФ) плануецца давесці да 18–20, паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.

Адзначаецца, што дарадца дэмакратычнага лідара па дыпламатычных пытаннях і дырэктар яе вільнюскага офіса Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з Берыт Ліндэман — генеральным сакратаром Нарвежскага Хельсінкскага камітэта, які выступае аператарам МГФ.

Калі пазначаныя планы па павелічэнні колькасці донараў рэалізуюцца, гэта дазволіць фонду “не толькі рэагаваць на сённяшнія запыты, але і мець рэзерв для хуткай дапамогі падчас новых вызваленняў”.

Паведамляецца, што цяпер “завяршаецца афармленне ўнёскаў яшчэ ад дзвюх краін” — на агульную суму каля 200 тыс. еўра. Што гэта за дзяржавы, не ўдакладняецца.

На сустрэчы Кучынскага і Ліндэман было заяўлена, што “большая частка папярэдніх паступленняў ужо была накіраваная на дапамогу людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій, уключаючы палітвязняў, вызваленых на працягу апошняга года”.

Падтрымка фонду, гаворыцца ў паведамленні, не абмяжоўваецца разавымі ўнёскамі. Адзначана, што “Ісландыя ўжо зрабіла тры ўнёскі, а Эстонія і Нарвегія паўторна накіравалі сродкі ў 2026 годзе”. Працягваюцца перамовы з іншымі дзяржавамі, “якія разглядаюць магчымасць новых паступленняў”, сярод іх Фінляндыя і Іспанія.

За 2024–2026 гады краіны “зафіксавалі ўнёскі” ў фонд на суму каля 3,4 млн еўра. “Гэтыя сродкі размяркоўваюцца праз беларускія праваабарончыя і гуманітарныя арганізацыі, якія непасрэдна працуюць з палітвязнямі, вызваленымі людзьмі і сем’ямі, што пацярпелі ад рэпрэсій”, — гаворыцца ў паведамленні.

Міжнародны гуманітарны фонд быў створаны ў 2024 годзе. Першы ўнёсак зрабіла Нарвегія. Фонд арыентаваны на падтрымку сем’яў рэпрэсаваных і былых палітвязняў. Гаворка пра медыцынскую дапамогу і рэабілітацыю, матэрыяльную і псіхалагічную дапамогу вызваленым палітвязням і асобам, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі.

На сайце Офіса Ціханоўскай гаворыцца, што на пачатак чэрвеня донарамі былі 13 краін: Аўстрыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Латвія, Люксембург, Нарвегія, Фінляндыя, Харватыя, Швейцарыя, Швецыя і Эстонія.

Разам з тым на сайце самога МГФ пазначана 14 краін-донараў. Апрача ўсіх пералічаных вышэй у спісе фігуруе Славенія.

Падзяліцца: