Лукашэнка запэўніў Льва XIV у падтрымцы ініцыятыў Святога Пасада, скіраваных на “забеспячэнне міру ў рэгіёне”

14 верасня, Позірк. Святы Пасад заўсёды можа “разлічваць на падтрымку Беларуссю ініцыятыў, скіраваных на забеспячэнне справядлівага і трывалага міру ў рэгіёне”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 14 верасня папу рымскага Льва XIV з 71-годдзем.
Верагодна, гаворка ідзе пра вайну, якую Расія развязала супраць Украіны, выкарыстаўшы для гэтага ў тым ліку беларускую тэрыторыю. Рэжым Лукашэнкі ў гэтай агрэсіі падтрымлівае Маскву.
Леў XIV неаднаразова заяўляў, што Святы Пасад гатовы прыняць прадстаўнікоў Украіны і РФ для перагавораў наўпрост. Пантыфік кантактаваў як з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, так і з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным, — апошняга ён заклікаў зрабіць крок, які б спрыяў міру. Папа рэгулярна заклікае да падтрымкі ініцыятыў, якія вядуць да дыялогу, спынення вайны, дасягнення “сапраўднага, справядлівага і трывалага міру”.
Лукашэнка ў сваім віншаванні заявіў, што “нястомнае шматгадовае служэнне” Льва XIV “Богу натхняе мільёны вернікаў на міласэрнасць, спачуванне і любоў да бліжняга”. “У сучасным свеце, які прагне стабільнасці і бяспекі, гэтая высокая місія мае ўнікальнае духоўнае значэнне. Яна ўмацоўвае веру ў сілу дыялогу, знаходзіць шырокі водгук сярод людзей розных краін і рэлігій”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.
Стасункі паміж Мінскам і Ватыканам, на думку Лукашэнкі, маюць “паслядоўна развівацца для захавання хрысціянскай спадчыны і гуманітарных прынцыпаў”.
Адметна, што летась палітык не віншаваў пантыфіка з днём народзінаў.
8 траўня 2025 года — у дзень абрання амерыканскага кардынала Роберта Фрэнсіса Прэвоста папам рымскім, які ўзяў сабе імя Леў XIV, — Лукашэнка запрасіў яго ў Беларусь. Віншуючы каталіцкага іерарха з гадавінай абрання ў 2026 годзе, ён гэтае запрашэнне не паўтарыў. Няма яго і ў цяперашнім віншаванні з днём народзінаў.
Фактычна кіраўнік Святога Пасада не можа прыехаць праз негалоснае правіла: папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфесія або рэлігія, без згоды адпаведнага рэлігійнага лідара. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасцю, гаворка пра патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла (Гундзяева).
Як паведамляў партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі 22 траўня 2025 года, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ), мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Іосіф Станеўскі перадаў папу Льву XIV афіцыйнае запрашэнне наведаць беларускую зямлю.
Беларускія дэмакратычныя сілы пасля абрання Льва XIV папам рымскім выказалі спадзеў, што ён стане голасам падтрымкі для пераследаваных.
“Мы верым, што ваша слова можа стаць голасам падтрымкі для нашых палітвязняў, для іх сем’яў. Голасам для ўсіх, хто не страціў веры нават у самых цяжкіх умовах нашай рэчаіснасці”, — падкрэсліла дэмлідар Святлана Ціханоўская.
Спадзеў на тое, што Леў XIV стане голасам сумлення і падтрымкі для тых, хто верыць у праўду і свабоду, выказаў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, віншуючы новага папу з абраннем на апостальскі пасад.
Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска запрасіў Льва XIV наведаць Беларусь 1 кастрычніка 2025 года падчас аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і царквы ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія адбыліся пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.
- Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаГрузія афіцыйна пацвердзіла беларускаму праваабаронцу Кісляку, што ў дачыненні да яго не праводзіцца працэдура дэпартацыі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаЛукашэнка запалохвае еўрапейцаў, але ўступленне ў вайну дае яму суцэльныя мінусы — ПортнікаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаУ ліпені Беларусь была на трэцім месцы ў ЕАЭС у тэмпах зніжэння цэн на сельгаспрадукцыюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 14 верасня — 29 лістапада 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛатвія 30-ы раз з пачатку года зафіксавала за суткі больш за 100 спробаў незаконнага пераходу на сваю тэрыторыю з БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка


