ByAction: У іміграцыйныя турмы ЗША за 8 месяцаў было змешчана мінімум 89 беларусаў — каля 60 па-ранейшаму там

14 верасня, Позірк. За студзень — жнівень 2026 года ў ЗША “былі затрыманыя і змешчаныя ў іміграцыйныя турмы як мінімум 89 беларусаў”, гаворыцца ў справаздачы валанцёрскай праваабарончай ініцыятывы ByAction.
Адзначаецца, што большасць затрыманых “не мела ніякіх парушэнняў і знаходзілася ў звычайным іміграцыйным працэсе”. Толькі шасцёра (каля 7% агульнай колькасці затрыманых) былі аднесеныя “да катэгорыі Convicted Criminal” (асобы, асуджаныя за злачынствы). Пры гэтым ва ўсіх шасці выпадках “гаворка ішла пра злачынствы, не звязаныя з гвалтам (Nonviolent Crime)”. Трое з гэтых шасці на момант затрымання “ўжо мелі канчатковы загад на дэпартацыю”.
Паводле даных ініцыятывы, прыкладна тры чвэрці затрыманых — мужчыны. Больш за ўсё затрыманняў было ў ліпені — 23, студзені — 15 і сакавіку — 13.
На штаты Фларыда, Пенсільванія і Нью-Джэрсі прыпадае 45% усіх затрыманняў. Заяўлена, што ў Нью-Джэрсі “таксама адбываліся затрыманні жыхароў Філадэльфіі, якія прыязджалі на інтэрв’ю ў USCIS” (Службу грамадзянства і іміграцыі ЗША).
“Нам дакладна вядома пра 16 чалавек, якія былі вызваленыя пад заклад у 2026 годзе. Сярэдняя сума закладу склала 11,5 тыс. долараў (найбольшая — 40 тыс., а найменшая — 4,5 тыс.)”, — гаворыцца ў справаздачы.
Сярод тых беларусаў, што былі затрыманыя ў ЗША сёлета, трое ўжо дэпартаваныя ў Беларусь, яшчэ трое пагадзіліся на добраахвотны выезд.
Паводле ацэнак ByAction, на гэты момант у іміграцыйных турмах “знаходзіцца каля 60 беларусаў, якія працягваюць змагацца за свабоду і сваю будучыню”. “Гэта тыя справы, пра якія мы маем дастаткова інфармацыі, каб вызначыць іх актуальны статус. 29 чакаюць разгляду сваіх спраў у іміграцыйным судзе, а 31 ужо атрымалі адмову і чакаюць разгляду апеляцыі ў BIA (Савеце па іміграцыйных апеляцыях. — “Позірк”.)”, — адзначылі праваабаронцы.
Ініцыятыва падкрэсліла, што колькасць беларусаў, якія знаходзяцца пад вартай у ЗША, “верагодна, крыху большая”, бо ў справаздачы не ўлічаныя “арышты ў верасні, а таксама частка затрыманняў у жніўні”.
Адзначаецца, што ў дачыненні да грамадзян Беларусі дзейнічае рэжым абавязковага консульскага паведамлення (Mandatory Consular Notification). Гэта азначае, што іміграцыйная служба перадае інфармацыю пра ўсе затрыманні беларускаму консульству — хочуць таго затрыманыя ці не.
На сайце ByAction гаворыцца, што гэта валанцёрская ініцыятыва, якая “аказвае падтрымку грамадзянам Беларусі, што шукаюць палітычнага прытулку ў Злучаных Штатах”.
Праект быў створаны ў адказ на рост патрэбы ў падтрымцы палітычных уцекачоў з Беларусі, якія “праходзяць легальны іміграцыйны працэс і сутыкаюцца з рызыкай затрымання або ўтрымліваюцца ў іміграцыйных цэнтрах пасля пачатку працэдуры дэпартацыі ў Беларусь”.
Заяўлена, што ByAction “катэгарычна асуджае любое неправамернае выкарыстанне або злоўжыванне сістэмай надання прытулку”.


- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаЗа трэці квартал 2026 года вырасла доля занятых у эканоміцы жанчын і гарадскога насельніцтва — БелстатМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаЗамежныя інвестыцыі ў асноўны капітал за пяць гадоў зменшыліся ў 1,55 раза — звесткі БелстатаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаНа мяжы з Літвой працягнуўся рост актыўнасці нелегальных мігрантаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаЗа пяць гадоў рэнтабельнасць продажаў у Беларусі знізілася з 8,2% да 6,9%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
