Мінск 12:01

У Польшчы за дачыненне да нелегальнай міграцыі затрыманыя трое замежнікаў

Фота: Памежная ахова Польшчы

7 кастрычніка, Позірк. Пра затрыманне за дачыненне да нелегальнай міграцыі траіх грамадзян замежных дзяржаў паведамляе Памежная ахова Польшчы.

Затрыманыя — грамадзяне Узбекістана, Малдовы і Грузіі, адзначаецца, што яны арганізоўвалі для мігрантаў незаконнае перасячэнне беларуска-літоўскай мяжы. Ім выстаўленыя адпаведныя абвінавачванні.

Рашэннем суда грамадзянін Грузіі арыштаваны на 3 месяцы. Да двух іншых фігурантаў ужытыя меры стрымання ў выглядзе паліцэйскага нагляду і забароны на выезд з краіны.

Абвінавачаным пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.

1.635 спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі зафіксавалі ў верасні 2026 года суседнія краіны Еўрасаюза, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз масіву аператыўных звестак іх памежных службаў.

Памежная ахова Польшчы зафіксавала ў першы месяц восені 85 спробаў (доля 5,2%) — на 57,4% больш, чым у апошні месяц лета (54), пры гэтым з 16 верасня на мяжы спакойна.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды нібыта паклікалі.

Падзяліцца: