Мінск 14:00

Доля кіберзлачынстваў за дзевяць месяцаў склала 35% — Следчы камітэт

Архіўнае фота: dzr.by

15 кастрычніка, Позірк. У 2025 годзе кожнае трэцяе злачынства ў Беларусі было ўчынена з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, за дзевяць месяцаў 2026 года доля такіх злачынстваў склала 35%, паведаміў у эфіры дзяржтэлеканала “Беларусь 1” начальнік галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства Следчага камітэта Андрэй Матолька.

Паводле яго слоў, значная частка такіх злачынстваў учынена дыстанцыйна, у тым ліку з-за мяжы.

“Такі трансгранічны характар абумоўлівае неабходнасць пошуку схем вываду выкраданых грашовых сродкаў злачыннага даходу, паколькі дае магчымасць легалізацыі паходжання грашовых сродкаў у той краіне, дзе злачынец знаходзіцца”, — адзначыў прадстаўнік СК.

Кажучы пра шкоду, нанесеную эканоміцы праз незаконны вывад сродкаў, намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Андрэй Картун заявіў, што чым больш у краіне “шэрай эканомікі”, тым менш падаткі і паступленняў у бюджэт “з усімі вынікаючымі наступствамі”. Прадстаўнік Нацбанка дадаў, што для такой эканомікі, як беларуская, вывад капіталу стварае ціск на плацежны баланс і валютныя курсы, уплывае на інфляцыю.

“Чым больш шэрая эканоміка, тым больш некіраваных працэсаў. Калі з’яўляецца больш шэрых грошай у эканоміцы, больш нараджаецца сукупны попыт, а гэта цісне на цэны ўнутры краіны”, — удакладніў Картун.

Паводле інфармацыі дырэктара Дэпартамента фінансавага маніторынгу Дзяржкантролю Дзмітрыя Захарава, у Крымінальным кодэксе Беларусі “існуе прыкладна 220 складаў крымінальных злачынстваў, якія звязаныя так ці інакш з адмываннем грошай”. Шкоду ад такіх злачынстваў ён ацаніў у дзясяткі мільёнаў долараў на год.

Паводле звестак МУС, доля кіберзлачынстваў па выніках студзеня — траўня 2026 года перавысіла траціну ўсіх зарэгістраваных у Беларусі злачынстваў і дасягнула 33,4%.

Праведзены “Позіркам” аналіз зводак МУС паказаў, што з 5 да 11 кастрычніка ў міліцыю паступіла больш за 2 тыс. паведамленняў пра званкі тэлефонных махляроў, затрымана 12 кур’ераў, у іх канфіскавана больш за 200 тыс. рублёў.

Падзяліцца: