Мінск 10:51

У віншаванні з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі Лукашэнка акцэнтаваў увагу на дысцыпліне

15 лістапада, Позірк. На “працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліне“ зрабіў акцэнт Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

У пасланнях папярэдніх гадоў дысцыпліну ён не згадваў.

На думку віншавальніка, дысцыпліна, а таксама “здольнасць дзейнічаць на апярэджанне, прымаць пісьменныя і ўзважаныя рашэнні” дазволяць аграрыям “і надалей імкліва развівацца для будучых дасягненняў”.

“На нашай зямлі заўсёды з вялікай павагай ставіліся да людзей, для якіх нялёгкая сялянская праца стала сапраўдным прызваннем і сэнсам жыцця”, — заявіў Лукашэнка, які сёлета 21 ліпеня распарадзіўся адпраўляць у войска тых, хто “дрэнна працуе” і парушае працоўную дысцыпліну падчас уборачнай кампаніі. 27 жніўня ён паведаміў, што было прызвана каля 500 работнікаў АПК, якіх мясцовыя ўлады палічылі нядбайнымі.

Сёлета, паводле слоў Лукашэнкі, у краіне зноў ганарацца рэкорднымі ўраджаямі: “Рэспубліканскі каравай складзе каля 11,4 мільёна тон збожжа з улікам кукурузы і рапсу. Упершыню ў гісторыі краіны Мінская вобласць перасягнула 3-мільённую мяжу, Гродзенскі і Слуцкі раёны намалацілі больш за 300 тысяч тон кожны, а 7 раёнаў — звыш 200 тысяч тон. Прагназуемая выручка ад экспарту прадуктаў харчавання — каля 11 мільярдаў долараў ЗША”.

У віншаванні год таму адзначалася, што ён “выдаўся экстрэмальна складаным з-за пагодных катаклізмаў“, але дзякуючы “прафесіяналізму, стараннасці“ і “рупліваму стаўленню“ работнікаў АПК “да роднай зямлі“ ў краіне “сабраны рэкордны ўраджай збожжавых, зернебабовых і рапсу — больш за 11 мільёнаў тон“.

З 2019 па 2025 год колькасць работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый Беларусі скарацілася на 18,3%, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Як вынікае са звестак Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, кожная чацвёртая з 200 тыс. адзінак тэхнікі ў машынна-трактарным парку АПК мае патрэбу ў рамонце.

Праведзены “Позіркам“ аналіз даных МНС паказаў, што з пачатку 2026 года з-за ўзгаранняў пацярпела альбо знішчана не менш за 37 адзінак сельгастэхнікі.

7 лістапада, наведваючы сельгаспрадпрыемства “Гавяды-Агра“ ў Шклоўскім раёне (Магілёўская вобласць), Лукашэнка заявіў, што аграпрамысловы комплекс павінен выйсці на “новую прыступку“ развіцця: “Не 10 млрд долараў экспарт, а трэба 20 млрд”.

“Трэба, каб спецыялісты патрабавалі са сваіх падначаленых эфектыўную працу. Тэхналогія прымушае працаваць. Калі нармальная тэхналогія [на вытворчасці выконваецца], тады будзе і рэнтабельнасць. Вось уся філасофія ў сельскай гаспадарцы”, — сказаў Лукашэнка.

Падзяліцца: