be
Arrow
Мінск 21:09

У Варшаве адбылося развітанне з дзеячам дыяспары Сяргеем Пархоцем

Фота: "Позірк"

15 лістапада, Позірк. Свецкая цырымонія развітання з стваральнікам і адміністратарам групы “Беларусы ў Варшаве” ў “Фэйсбуку” Сяргеем Пархоцем (псеўданім Ян Памедор Реутский) адбылася 15 лістапада ў Беларускай кавярні ў польскай сталіцы.

У кавярню прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. Выступілі прадстаўнікі беларускай і украінскай дыяспары, а таксама мясцовыя палякі. Паводле іх слоў, згасла зорка беларускага і польскага народаў.

Фота: "Позірк"

Падчас развітання былі сабраныя запіскі з добрымі словамі пра нябожчыка.

Пра смерць 50-гадовага Пархоця стала вядома 20 кастрычніка.

Ён быў адным з аўтараў “Музыкальной газеты”, якая выдавалася ў Мінску і асвятляла падзеі на беларускай і сусветнай музычнай сцэне. У 2012 годзе ён пераехаў у Польшчу, дзе стварыў згаданую групу ў “Фэйсбуку” (аб’яднала каля 28 тыс. чалавек). Пархоць таксама працаваў барыстам, займаўся бізнэсам.

Урна з яго прахам будзе перавезеная ў Беларусь, дзе адбудзецца пахаванне ў прысутнасці найбліжэйшых сваякоў.

Фота: "Позірк"

Запытаная сябрамі сума 30 тыс. злотых (каля 7,5 тыс. долараў ЗША) на развітанне, перавозку урны, іншыя спадарожныя працэдуры і пахаванне была сабраная цягам наступнага дня.

23 кастрычніка адзін з арганізатараў збору, сябар і калега Пархоця Яўген Скрабутан паведаміў “Позірку“, што польская паліцыя працягвае вывучаць абставіны смерці беларуса, прычыну кампетэнтныя органы гатовы раскрыць толькі сваякам памерлага. Усе яны жывуць у Беларусі.

Яўген Скрабутан на цырымоніі развітання
Фота: "Позірк"
Падзяліцца: