be
Arrow
Мінск 14:52

Лукашэнка заявіў, што распрацаваў аперацыю АДКБ у Казахстане разам з Пуціным “цягам адной гадзіны”

15 студзеня, BPN. Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 15 студзеня на аэрадроме Мачулішчы (Мінскі раён) перад беларускімі вайскоўцамі са складу місіі АДКБ у Казахстане, заявіў, што праведзеную міратворчую аперацыю распрацаваў ён разам з Уладзімірам Пуціным.

“Я скажу больш, без хвальбы. Уся гэтая аперацыя, ажно да дэталяў, была распрацавана двума прэзідэнтамі — Расіі і Беларусі — на працягу адной гадзіны, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Была намечана задума, міністэрствы абароны пад кіраўніцтвам [расійскага міністра Сяргея] Шайгу і [яго беларускага калегі Віктара] Хрэніна дэталізавалі ў генеральных штабах задуму двух прэзідэнтаў, і ўжо праз некалькі гадзін вылецелі першыя самалёты ў Казахстан. Усё было зроблена хутка і рашуча, без ваганняў”.

Паводле слоў Лукашэнкі, Казахстан падвергнуўся “ўзброенай агрэсіі добра скаардынаваных тэрарыстычных груп”, якія прайшлі “спецыяльную падрыхтоўку і маюць баявы досвед, атрыманы ў розных гарачых кропках”.

Ён заявіў, што “арганізатары мяцяжу” мелі намер “падарваць сітуацыю” ў Казахстане і “ў цэлым дэстабілізаваць абстаноўку па перыметры Расіі, каб аслабіць галоўнага саюзніка Беларусі”. “Прынятыя па лініі АДКБ меры, увод міратворчых сіл дазволілі зберагчы Казахстан ад развіцця сітуацыі па самым негатыўным сцэнарыі, не далі разгарэцца чарговай каляровай рэвалюцыі. Усё, што адбылося ў Алматы, было б па ўсім Казахстане”, — лічыць Лукашэнка.

“Мне складана вас у гэтым пераконваць, таму што вы толькі што з поля бою, а я там не быў, — сказаў ён. — Але смею вас пераканаць у тым, што вы бачылі абмежаваную прастору, за якую неслі адказнасць. Мы аналізавалі і бачылі абстаноўку ў цэлым. І толькі дзякуючы той моцы, якая была “выкінута” ў Казахстане, не атрымалася тая страшная задума па знішчэнні казахстанскай дзяржавы”.

Лукашэнка перакананы, што “пройдзе крыху часу і казахстанскі народ ацэніць намаганні краін АДКБ”. “Я, як былы ваенны і афіцэр, разумею, што з поля бою ўсё бачыцца не так, як у цэлым, — зазначыў ён. — Але, паверце, сваімі дзеяннямі, няхай без стральбы, без правядзення спецыяльных аперацый, вы толькі сваёй прысутнасцю ў гэтай краіне забяспечылі мір і парадак. Гэта быў сігнал усім, хто сёння вострыць меч па перыметры беларуска-расійскіх межаў. Вы паказалі ўсім, што з намі ваяваць небяспечна. Больш за тое, немагчыма. Нас перамагчы немагчыма. Гэта галоўны вынік вашай аперацыі”.

2 студзеня пасля рэзкага павышэння коштаў на звадкаваны прыродны газ для насельніцтва ў буйных гарадах Казахстана пачаліся масавыя пратэсты. Да эканамічных патрабаванняў дадаліся палітычныя. Пасля ў шэрагу гарадоў, перш за ўсё ў Алматы, на фоне пратэстаў пачаліся беспарадкі, падпалы, захоп будынкаў, акты марадзёрства і ўзброеныя сутыкненні з сілавікамі. Улады заявілі, што гэтыя падзеі сталі вынікам знешняга ўмяшання, і прыступілі да сілавога падаўлення ў рамках “антытэрарыстычнай аперацыі”. Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў звярнуўся па дапамогу ў АДКБ.

У ноч на 6 студзеня старшыня Савета калектыўнай бяспекі АДКБ прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян аб’явіў аб накіраванні ў Казахстан міратворчых сіл арганізацыі “на абмежаваны па часе перыяд з мэтай стабілізацыі і нармалізацыі абстаноўкі ў гэтай краіне”. Воінскі кантынгент міратворчай місіі сфарміравалі з падраздзяленняў узброеных сіл краін АДКБ.

Войскі АДКБ прыцягнулі да аховы дзяржаўных, ваенных і сацыяльна значных аб’ектаў, што, паводле заявы ўладаў Казахстана, дазволіла вызваліць сілы правапарадку для правядзення “антытэрарыстычнай аперацыі”. Беларускаму кантынгенту — міратворчай роце 103-й паветрана-дэсантнай брыгады сіл спецаперацый (Віцебск) — даручылі ахоўваць аэрадром Жэтыген.

13 студзеня міратворчая місія АДКБ завяршылася. Нацыянальны ваенны кантынгент вярнуўся ў Беларусь 14 студзеня.

Дэмакратычныя сілы Беларусі асудзілі ўдзел ваенных краіны ў гэтай кампаніі. Прадстаўнікі дэмсіл Казахстана назвалі зварот Такаева да АДКБ здрадай, а прыбыццё замежных войскаў — інтэрвенцыяй.

Падзяліцца: