be
Arrow
Мінск 10:14

“Штадлер” з-за санкцый адмовіўся вырабляць цягнікі для мінскага метро

21 ліпеня, BPN. Беларускі філіял швейцарскага канцэрна “Штадлер” адмовіўся вырабляць рухомы састаў для мінскага метро. Аб гэтым паведаміла першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч падчас сустрэчы з калектывам метрапалітэна.Паводле яе слоў, якія перадае агенцтва “Мінск-Навіны”, рашэнне вытворцы звязана з “санкцыйным ціскам”, з-за гэтага “Беларусь вымушана была закупляць новыя электрацягнікі ў Расійскай Федэрацыі”.

Беларускі філіял швейцарскага канцэрна (ААТ “Штадлер Мінск”) быў адкрыты ў 2014 годзе ў Фаніпалі (Дзяржынскі раён). Паведамлялася, што пачатковая вытворчая магутнасць завода складзе 120 вагонаў за год. У далейшым пастаўкі прадукцыі былі наладжаны ў краіны СНД, Еўропы і Лацінскай Амерыкі.
У траўні 2022 года “Штадлер” паведаміў аб вымушанай перадачы некаторых заказаў з беларускага прадпрыемства на магутнасці ў іншых краінах. Рашэнне было звязанае з уведзенымі Еўразвязам санкцыямі пасля расійскага вайсковага ўварвання ва Украіну з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
22 чэрвеня міністр транспарту Літвы Марус Скуадзіс заявіў, выступаючы ў сейме, што швейцарскі вытворца цягнікоў “Штадлер” сыходзіць з беларускага рынку.
Паводле слоў Скуадзіса, канцэрн вырабіць для кампаніі LTG Cargo (уваходзіць у групу “Літоўскіх чыгунак”) 15 акумулятарных электрацягнікоў на суму больш як 200 млн еўра, пры гэтым “ніводная дэталь для нашых цягнікоў не будзе вырабляцца на гэтым заводзе [у Беларусі]”.
Аб сыходзе з беларускага рынка швейцарскі вытворца не паведамляў.
Падзяліцца: