Мінск 15:47

ЕС напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасці заклікаў да свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі

Фота: pexels.com / Dušan Cvetanović

8 лістапада, Позірк. “Мы заклікаем да свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі, якія павінны быць праведзены без умяшання, запалохвання і страху пераследу ў поўнай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі”, — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце Савета Еўропы з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю 12 лістапада.

Заклік прагучаў “у кантэксце падрыхтоўкі да парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у лютым 2024-га і 2025 гадоў”. “Мы заклікаем Беларусь поўнасцю паважаць свабоду аб’яднанняў, у тым ліку палітычных партый. Усе патэнцыйныя кандыдаты павінны быць канкурэнтаздольнымі”, — падкрэсліваецца ў заяве.

У ЕС таксама заявілі аб падтрымцы суверэнітэту Беларусі і выказалі салідарнасць з “жаданнем усіх беларусаў жыць у свабоднай і дэмакратычнай краіне”.

У дакуменце рашуча асуджаецца “штучна створаны міграцыйны ціск на мяжы ЕС, удзел рэжыму ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны і яго ўдзел у распаўсюджванні прапаганды і дэзінфармацыі”.

“Мы таксама асуджаем любы ўдзел і дапамогу ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей Расіяй”, — адзначаецца ў заяве.

Еўрасаюз выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што “сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца і пераслед працягваецца”. ЕС асудзіў “усе акты гвалту, фізічнага або псіхалагічнага, у адносінах да грамадзянскага насельніцтва з боку рэжыму Лукашэнкі, а таксама пераслед груп нацыянальных меншасцей” і заявіў аб неабходнасці абароны правоў дэмакратычна настроеных грамадзян, згадаўшы іх права на пражыванне ў краінах, куды яны былі вымушаны ўцякаць.

“Мы паўтараем заклік да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх адвольна затрыманых асоб, у тым ліку палітвязняў, адвакатаў, праваабаронцаў, журналістаў і работнікаў сродкаў масавай інфармацыі, у т.л. Алеся Бяляцкага, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, Насты Лойкі, Ігара і Дар’і Лосік і Анджэя Пачобута”, — сказана ў заяве.

ЕС “шкадуе аб тым, што ў Беларусі да гэтага часу прымяняецца смяротнае пакаранне, якое ўяўляе сабой парушэнне неад’емнага права на жыццё і поўнае адмаўленне чалавечай годнасці”, і “па-ранейшаму адданы пастаяннай падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл”.

У заяве падтрымліваецца права беларускага народа “выбіраць сваю ўласную будучыню”. Падкрэсліваецца, што ЕС працягне выступаць “адзіным голасам у падтрымку яго дэмакратычных памкненняў”.

“ЕС пацвярджае гатоўнасць працягваць сумесную працу з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, у тым ліку ў рамках нядаўна створанай Кансультатыўнай групы, і вітае працяг працы Кантактнай групы па Беларусі Савета Еўропы, а таксама Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства”, — гаворыцца ў заяве ЕС.

Да дакумента далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Рэспубліка Малдова, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Нарвегія, Украіна.

Падзяліцца: