Мінск 23:30

Семінар па бяспецы для беларусаў Варшавы выявіўся аперацыяй КДБ (абноўлена)

Прадстаўнік беларускага КДБ Канстанцін Бычак у момант падключэння да семінара ў Варшаве
Фота: скрыншот сюжэту АНТ

Удакладнены загаловак, дададзены дэталі.

19 лістапада, Позірк. Семінар для беларусаў Варшавы “Бяспечная Беларусь. Формы і метады абароны грамадства” выявіўся аперацыяй КДБ.

Мерапрыемства ў польскай сталіцы 18 лістапада праводзіў былы магілёўскі каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, былы дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы “Ноктуам” Алег Аксёнаў па прапанове нібыта прадстаўніка падліковай палаты Еўрасаюза з Нідэрландаў.

На семінары, дзе прысутнічаў вядомы дзеяч апазіцыі Вячаслаў Сіўчык, “арганізатарам і спонсарам семінара па бяспецы” (ён жа “прадстаўнік падліковай палаты ЕС”), як высветлілася з сюжэту прапагандысцкага тэлеканала АНТ, выявіўся намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак. Ён выйшаў на сувязь праз зум, а слова яму перадаў загрыміраваны супрацоўнік тэлеканала, аўтар сюжэту Ігар Тур.

Бычак, пажадаўшы добрага вечара “ўсім прысутным”, заявіў: “Перш за ўсё ад імя Камітэта дзяржаўнай бяспекі я хацеў бы падзякаваць грамадзяніну Аксёнаву за працяглае і плённае супрацоўніцтва з намі. Што ж тычыцца іншых удзельнікаў семінара, звяртаю вашу ўвагу, што спробы замахнуцца на беларускую дзяржаўнасць у цывілізаваных краінах называюцца экстрэмізмам і кваліфікуюцца паводле адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.

“Таму, — працягнуў прадстаўнік КДБ, — найбольш разважлівым з вашага боку будзе з’явіцца з пакаяннем у кампетэнтныя органы і пакаяцца. Калі пытанняў не ўзнікла, прапаную лічыць мерапрыемства агульнай прафілактыкі паспяхова завершаным. Сустрэнемся ў следчым упраўленні КДБ”. Апошняя фраза была вымаўлена ўжо пасля таго, як Бычака выдалілі з зуму.

Супрацоўнік КДБ далучыўся прыкладна на 46-й хвіліне мерапрыемства. Да яго паспелі выступіць Сіўчык і эксперт па кампутарнай бяспецы, якога перапынілі для выступу “арганізатара і фундатара”.

Аксёнаў узяў усю віну на сябе. “Я лічыў, што працаваў з прадстаўніком камісіі Еўрасаюза па бяспецы. Выбачаюся перад усімі, каго ўцягнуў у гэтую авантуру. Такога не чакаў”, — сказаў ён.

Паводле слоў тэхнічнага работніка, які абслугоўваў семінар, беларускія спецслужбы маглі зафіксаваць толькі асобы спікераў, але не гледачоў (іх было крыху больш за дзесятак), паколькі камера стаяла ззаду іх.

На рэмарку Сіўчыка, што трэба было параіцца, перш чым пагаджацца на супрацу з “галандцам”, Аксёнаў заявіў, што “шмат з кім раіўся”.

Ён падкрэсліў, што Беларускі моладзевы хаб, дзе праводзілася мерапрыемства, не мае да гэтага ніякага дачынення. Гэта ж пацвердзіў “Позірку” кіраўнік БМХ Алесь Лапко.

Тэмамі семінара былі заяўлены грамадская, лічбавая, фінансавая бяспека, а таксама фізічная ахова.

У сюжэце АНТ сцвярджалася, што Аксёнаў знайшоў вакансію “пазаштатнага аўдытара пры падліковай палаце Еўрапейскага саюза” і па просьбе нібыта прадстаўніка палаты, а на самой справе супрацоўніка КДБ згадзіўся здабываць інфармацыю, “як збеглымі выкарыстоўваюцца гранты Еўрапейскага саюза”, надаючы асаблівую ўвагу “мерапрыемствам закрытага характару”. Пры гэтым куратар размаўляў і пісаў на рускай мове. За інфармаванне, якое працягвалася “больш за год”, Аксёнаў нібыта атрымліваў узнагароду. Даведаўшыся, што ён збіраецца пераехаць у Нарвегію, “кантора вырашае яго эфектна зліць, даручаючы арганізаваць семінар па бяспецы”, заявіў Тур.

Пакуль Аксёнаў недасяжны для каментароў у сувязі з тэлесюжэтам.

Падзяліцца: