Мінск 18:12

17 кастрычніка ў Мінск прыбудзе першы віцэ-прэзідэнт Ірана, анансаваная сустрэча з Лукашэнкам

15 кастрычніка, Позірк. У аўторак, 17 кастрычніка, у Мінск з рабочым візітам прыбудзе першы віцэ-прэзідэнт Ірана Махамад Махбер, паведамляе інфармагенцтва irna.ir.

Удакладняецца, што Беларусь іранскі палітык наведае па запрашэнні прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі, візіт прадоўжыцца адзін дзень.

Паводле слоў намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Ірана па палітычных пытаннях Махамада Джамшыдзі, Махбер сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, Галоўчанкам і старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам.

Таксама анансаваны ўдзел першага віцэ-прэзідэнта Ірана ў “пасяджэннях паміж высокапастаўленымі прадстаўніцтвамі дзвюх краін”.

Джамшыдзі адзначыў, што двухбаковыя сустрэчы прэзідэнта Ірана Эбрахіма Раісі і Лукашэнкі, а таксама візіт апошняга ў Тэгеран у сакавіку 2023 года “забяспечваюць падтрымку дзвюх краін у развіцці эканамічных адносін”.

Акрамя гэтага, дадаў намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Ірана, на перамовах будзе абмяркоўвацца “палітыка ў барацьбе з аднабаковымі санкцыямі Захаду” ў дачыненні да Тэгерана і Мінска.

Лукашэнка наведваў Іран 12–13 сакавіка. Па выніках перагавораў была падпісана “дарожная карта” на 2023–2026 гады, якая прадугледжвае ўсебаковае супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, консульскай, навукова-тэхнічнай сферах, а таксама ў сферы адукацыі, культуры, мастацтва, СМІ і турызму.

У 2024 годзе чакаецца візіт у Беларусь прэзідэнта Ірана Раісі.

Іран — саюзнік Расіі ў яе агрэсіі супраць Украіны, пастаўшчык беспілотных лятальных апаратаў “Шахед”. Таксама афіцыйны Тэгеран падтрымаў напад на Ізраіль палестынскай групоўкі ХАМАС. Лукашэнка апошнія падзеі на Блізкім Усходзе не каментуе.

Гл. таксама:

Іран прагназуе рост тавараабароту з Беларуссю да 400 млн долараў на працягу двух гадоў

Кровавый кошмар в Израиле. Минск “обеспокоен”, пропаганда вполголоса подхватила кремлевские мотивы (на рускай мове)

Падзяліцца: