Мінск 23:36

Старшыня Дзярждумы Валодзін сустрэўся з Андрэйчанкам і кіраўнікамі парламентаў не прызнаных сусветнай супольнасцю Абхазіі і Паўднёвай Асеціі

Уладзімір Андрэйчанка і Вячаслаў Валодзін Фота: ПП НС

18 снежня, Позірк. Старшыня Дзяржаўнай думы Вячаслаў Валодзін правёў сустрэчу са “старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Андрэйчанкам, спікерам Народнага Сходу — Парламента Рэспублікі Абхазія Лашай Ашуба і старшынёй Парламента Рэспублікі Паўднёвая Асеція Аланам Албаравым”, паведаміў 17 снежня сайт Дзярждумы.

Адзначаецца, што суразмоўцы “абмеркавалі пытанні развіцця міжпарламенцкага супрацоўніцтва і сацыяльна-эканамічнага ўзаемадзеяння Расіі, Беларусі, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі”.

Аналагічныя фармулёўкі выкарыстоўвала і прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.

Андрэйчанка 18 снежня прыме ўдзел у пасяджэнні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ў Маскве, паведамляе прэс-служба ПП НС.

Абхазія і Паўднёвая Асеція — самаабвешчаныя дзяржавы на тэрыторыі Грузіі, часткова прызнаныя міжнароднай супольнасцю. На сённяшні дзень са 193 дзяржаў — членаў ААН незалежнасць рэспублік прызналі 5 краін — Расія, Нікарагуа, Венесуэла, Науру і Сірыя. Пасля ўзброенага канфлікту 2008 года, у якім Абхазію і Паўднёвую Асецію актыўна падтрымала Расія, Тбілісі дэ-факта страціў кантроль над гэтымі тэрыторыямі. Юрыдычна Беларусь не прызнала незалежнасць згаданых суб’ектаў.

28 верасня 2022 года Аляксандр Лукашэнка пасля працяглага знаходжання ў Сочы і перамоваў з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным раптам наведаў Піцунду і сустрэўся з кіраўніком Абхазіі Асланам Бжаніяй. Прэзідэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі і МЗС краіны асудзілі гэты крок. 21 лютага гэтага года Лукашэнка прыняў Бжанію ў Мінску. Кіраўнік грузінскай дзяржавы і знешнепалітычнае ведамства зноў раскрытыкавалі беларускія ўлады за такія кантакты ў абход Тбілісі. Праз тыдзень пасля той сустрэчы стала вядома, што Абхазія плануе пастаўляць у Беларусь віны і іншыя тавары, а ўзамен хоча атрымліваць малочную прадукцыю.

У ліпені гэтага года тэма магчымага прызнання Беларуссю незалежнасці самаабвешчанай рэспублікі Паўднёвая Асеція была абмеркавана на пасяджэнні мясцовага парламента.

Падзяліцца: