Сейм Латвіі заклікаў хутчэй вярнуць ва Украіну дзяцей, незаконна вывезеных у Беларусь і РФ

21 снежня, Позірк. Незаконнае, гвалтоўнае перасяленне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і Расію “рашуча асуджаецца” ў заяве, якую 21 снежня прыняў Сейм Латвіі.
Паводле інфармацыі прэс-службы парламента гэтай балтыйскай дзяржавы, у дакуменце ўтрымліваецца заклік як мага хутчэй вярнуць дзяцей на радзіму.
“Гэта не проста выкраданне дзяцей. Гэта выкраданне будучыні Украіны”, — лічыць старшыня парламенцкага камітэта па замежных справах Рыхард Колс.
Ён назваў маральным абавязкам неабходнасць “нагадаць і прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да ўкраінскіх дзяцей, выкрадзеных Расіяй і гвалтоўна разлучаных са сваімі сем’ямі, сваякамі і радзімай”.
Дэпутаты лічаць патрэбным стварыць у трэцяй краіне міжнародны цэнтр, які “будзе займацца пытаннямі вяртання перамешчаных украінскіх дзяцей і служыць кантактным пунктам для міжнародных арганізацый, якія ўдзельнічаюць у працэсе, украінскіх дзяцей і іх бацькоў або прадстаўнікоў”. Яны заклікалі дзяржавы і міжнародныя арганізацыі “ўзяць актыўны і неадкладны ўдзел ў вырашэнні гэтага пытання”.
Паводле слоў Колса, “агрэсіўная вайна Расіі” ўяўляе сабой “не толькі баявыя дзеянні на фронце”, яна звязаная з “незлічонымі злачынствамі, парушэннямі правоў чалавека, эмацыйным, фізічным і псіхалагічным гвалтам, у тым ліку над кожным незаконна перамешчаным украінскім дзіцем”.
Сейм падтрымаў расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда, накіраванае на выяўленне і прыцягненне да адказнасці вінаватых у здзяйсненні ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці на тэрыторыі Украіны.
Паводле даных Лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ельскага ўніверсітэта (ЗША), якія ўтрымліваюцца ў апублікаванай 16 лістапада справаздачы амерыканскай некамерцыйнай арганізацыі “Абсерваторыя канфліктаў”, з Украіны ў Беларусь з пачатку развязанай РФ вайны вывезена не менш як 2.442 дзіця 6–17 гадоў. Згодна з дакументам, дзяцей (у тым ліку з уразлівых груп насельніцтва) прывозілі ў 13 беларускіх устаноў.
Сярод датычных да перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь названы беларускі паралімпіец і праўладны грамадскі дзеяч Аляксей Талай, ААТ “Беларуськалій”, праўладны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
Сёлета 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.
Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго ж у дачыненні да Лукашэнкі. 13 верасня Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець магчымасць выдаць ордар на яго арышт.
1 снежня Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла членства Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК), паколькі БЧК не вызваліў ад пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, які абвінавачваецца ў датычнасці да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.

- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 1–2 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ першай палове 2025 года краіны ЕС зафіксавалі ў 1,6 раза больш спробаў пераходу нелегалаў з Беларусі, чым у другой палове 2024-га (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства