Мінск 07:46

РПЦ дазволіла перайсці ў Польскую царкву пацярпеламу праз палітыку беларускаму святару Наздрыну

Фота: сайт Гродзенскай епархіі

30 снежня, Позірк. Святы сінод Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) дазволіў клірыку Гродзенскай епархіі іерэю Андрэю Наздрыну перайсці пад юрысдыкцыю Польскай праваслаўнай царквы.

На пасяджэнні сінода 27 снежня было абвешчана, што Наздрын падаў архіепіскапу Гродзенскаму і Ваўкавыскаму Антонію адпаведнае прашэнне. Ён таксама перадаў кіраўніку епархіі ліст ад мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Савы, які выказаў гатоўнасць разгледзець пытанне аб прыняцці беларускага святара ў клір Варшаўска-Бельскай епархіі, калі РПЦ дасць адпускную грамату.

Архіепіскап Антоній пярэчанняў не выказаў, Святы сінод пераход Наздрына падтрымаў.

У відэазвароце 30 снежня Наздрын, які да нядаўняга часу быў настаяцелем прыхода храма Праабражэння Гасподняга ў Коматава (Гродзенскі раён), паведаміў, што ён ужо ў Польшчы.

“25 снежня была мая апошняя літургія ў вёсцы Коматава. <…> На жаль, я вымушаны быў з’ехаць, таму буду маліцца ў Польшчы далей за ўсіх нас і за ўсю Беларусь. Цяпер знаходжуся ў манастыры святога велікамучаніка Дзмітрыя Салунскага ў Саках, за ўсіх малюся. Можа быць, так спадабаецца, што пайду ў манахі, а праз тыдзень ужо даведаюся пра месца свайго пастаяннага служэння <…> у Польскай праваслаўнай царкве”, — сказаў ён.

За час грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі іерэй Андрэй Наздрын некалькі разоў пацярпеў праз сваю грамадзянскую пазіцыю.

4 кастрычніка 2023 года суд Кастрычніцкага раёна Гродна аштрафаваў яго на 15 базавых велічыняў (555 рублёў) паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і пастанавіў канфіскаваць тэлефон. Адміністрацыйнаму працэсу ў дачыненні да святара папярэднічаў ананімны данос — нехта звярнуў увагу міліцыі, што Наздрын падпісаны ў “Інстаграме” на прызнаны “экстрэмісцкім” акаўнт гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча.

Летась Наздрын, на той момант настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Гродне, адкрыта асудзіў развязаную Расіяй вайну ва Украіне. Напрыканцы красавіка 2022-га стала вядома, што на святара данесла ў міліцыю прыхільніца “русского мира” (“рускага свету”), гродзенская актывістка Вольга Бондарава. Міліцэйская праверка парушэнняў не выявіла, але сілавікі правялі з Наздрыным “прафілактычную гутарку” аб “недапушчальнасці здзяйснення экстрэмісцкіх правапарушэнняў і злачынстваў”.

Акрамя таго, 18 траўня архіепіскап Антоній сваім указам зняў святара з пасады настаяцеля гродзенскага храма, а таксама кіраўніка місіянерскага аддзела і адказнага па справах фізічнай культуры і спорту Гродзенскай епархіі. Пасля той быў пераведзены ў Коматава.

Паводле “Хрысціянскай візіі”, Наздрын быў адным з тых, хто дапамагаў затрыманым падчас пратэстаў улетку 2020 года і пазней. “Яго галоўны мэсэдж у кантэксце палітычнага крызісу, быў мэсэджам любові, якую ён прапаноўваў супрацьпаставіць нянавісці, каб дабіцца свабоднай, незалежнай, шчаслівай, праўдзівай Беларусі”, — адзначала ініцыятыва летась увесну.

У красавіку 2023 года стала вядома, што святары Аляксандр Кухта і Георгій Рой, якія пакінулі Беларусь праз пераслед уладаў у сувязі з пазіцыяй па ўнутрыпалітычным крызісе і расійскай агрэсіі ва Украіне, прынятыя ў Канстанцінопальскую праваслаўную царкву. У Вільнюсе яны заснавалі беларускі прыход Сусветнага патрыярхату. У адрозненне ад сітуацыі з Наздрыным, які атрымаў добраслаўленне на пераход у іншую памесную царкву, епіскапат Беларускага экзархата РПЦ абвясціў, што Кухце і Рою забаронена служыць, паколькі яны “самавольна пакінулі” свае прыходы і выйшлі з-пад юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхата без адпускных грамат.

Падзяліцца: