Мінск 17:48

КДБ уключыў у “спіс тэрарыстаў” яшчэ трох чалавек, беларусаў у ім стала 400

Будынак КДБ у Мінску
Фота: Вікіпедыя

8 студзеня, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі дадаў у пералік “арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”, яшчэ трох чалавек. Цяпер у спісе 1.111 пазіцый і 1.168 прозвішчаў, з іх 400 беларусаў.

У спіс дададзены 40-гадовы палітвязень Аляксей Краснагір, прыгавораны (тэрмін невядомы) паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), 3612 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).

Таксама ў пералік унесеныя 23-гадовы Аляксандр Вітухноўскі, асуджаны (тэрмін невядомы) паводле арт.130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і 31-гадовы Ігар Федарэнка, якому прад’яўленыя абвінавачванні паводле арт. 361 і арт. 130 КК.

Зняволеным, абвешчаным тэрарыстамі, забаронена атрымліваць у калоніі грашовыя пераводы.

Падзяліцца: