Мінск 10:15

Беларусь абвінаваціла Польшчу ў гібелі чарговага мігранта

Скрыншот відэа Крыніца: Дзяржпагранкамітэт Беларусі

8 студзеня, Позірк. Пра гібель на мяжы з Польшчай чарговага нелегальнага мігранта паведаміў 8 студзеня Дзяржаўны памежны камітэт, традыцыйна ўсклаўшы адказнасць за гэта на Варшаву.

Сцвярджаецца, што 6 студзеня “беларускія памежнікі побач з польскай загародай выявілі двух мужчын — грамадзян Емена і Сірыі”.

“Абодва замежнікі былі знясіленыя і мелі патрэбу ў медыцынскай дапамозе, адзін з іх знаходзіўся ў несвядомым стане. Сірыец распавёў, што іх затрымалі польскія вайскоўцы, а затым жорстка збілі, наносячы ўдары па нагах і галаве. Нягледзячы на просьбы аб літасці, сілавікі забралі ўсе рэчы і грошы і вывезлі мужчын на мяжу з Беларуссю”, — заявілі ў ведамстве.

У выніку, дадалі ў памежамітэце, праз “жорсткія дзеянні польскіх сілавікоў”, якія выкінулі мігрантаў “праз брамку для жывёл”, грамадзяніну Емена “стала горш, ён практычна не мог перасоўвацца самастойна”.

“Беларускія памежнікі неадкладна выклікалі брыгаду хуткай дапамогі, аднак медыкі канстатавалі смерць замежніка. Другому мужчыну аказаная медыцынская дапамога”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Смерць, здзекі і гвалт сталі сінонімамі польскай міграцыйнай палітыкі, якая з 2021 года прывяла да гібелі ўжо 22 замежнікаў”, — заявілі ў памежведамстве.

Яшчэ больш катэгарычна пра інцыдэнт паведаміў Следчы камітэт, супрацоўнікі якога, як сцвярджаецца, праводзяць праверку па факце смерці мігранта.

“Польскія ўзброеныя найміты дзейнічаюць на мяжы выключна бесчалавечна. Мігрантаў, якія моляць аб дапамозе, жадаючы ўз’яднацца са сваімі сем’ямі ў Еўропе, апранутыя ў форму ксенафобы, не цырымонячыся, выкідваюць праз брамку для жывёл у Беларусь. Не ў сілах нават перасоўвацца, збітыя і змардаваныя ўцекачы паміраюць”, — адзначаецца ў заяве СК.

Раней беларускія ўлады неаднаразова абвінавачвалі памежнікаў Польшчы, Літвы і Латвіі ў жорсткім абыходжанні з мігрантамі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС пачаўся вясной 2021 года. Спачатку шматразовае павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасля таго як Вільнюс прыняў рашэнне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, патокі нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.

Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеянні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

Маюцца шматлікія сведчанні аб удзеле супрацоўнікаў беларускіх сілавых ведамстваў у перамяшчэнні нелегалаў праз мяжу з ЕС.

У лістападзе 2021 года ў інтэрв’ю BBC Аляксандр Лукашэнка “цалкам дапусціў”, што сілавікі дапамагаюць мігрантам незаконна перасякаць мяжу.

“Нашы дапамагаюць ім перабрацца на польскую тэрыторыю, так? Слухайце, цалкам магчыма. Магчыма, хтосьці і дапамог, і я нават не буду разбірацца. Я і сказаў, я не буду іх затрымліваць на мяжы, трымаць іх на мяжы. Паўтараю: і надалей не буду іх трымаць на мяжы, калі яны будуць ісці праз Беларусь. Таму што яны ідуць не да мяне, а да вас. Вы перасталі выходзіць на кантакт і працаваць. Не хочаце — не трэба. Мы без вас будзем вырашаць гэтую праблему. Так, як атрымаецца. Але я іх сюды не запрашаў”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле ацэнак шэрагу экспертаў, міграцыйны крызіс быў інспіраваны Мінскам (некаторыя лічаць, сумесна з Масквой) з мэтай помсты Захаду за ацэнку палітычных падзей 2020 года ў Беларусі і ўвядзенне санкцый, а таксама для прымусу еўрапейскіх палітыкаў да дыялогу з рэжымам Лукашэнкі.

З-за міграцыйнага крызісу Польшча, Літва і Латвія пабудавалі на мяжы з Беларуссю загароды. Пасля гэтага патокі мігрантаў зменшыліся, а да пачатку 2024 года практычна спыніліся.

7 студзеня краіны Еўрасаюза не зафіксавалі ніводнай спробы нелегальнага пранікнення на сваю тэрыторыю з боку Беларусі.

З пачатку міграцыйнага крызісу гэта трэці такі выпадак. Папярэднія фіксаваліся 4 студзеня 2024 года і 29 лістапада 2023-га.

З пачатку года Польшча прадухіліла 25 спробаў незаконнага пранікнення замежнікаў з беларускай тэрыторыі, Літва і Латвія мігрантаў на мяжы не фіксавалі.

Падзяліцца: