Мінск 14:32

Асуджаныя за “экстрэмізм” і “тэрарызм” амніставаныя не будуць — кіраўнік МУС

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

11 студзеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову Міністэрства ўнутраных спраў, якая фактычна пазбаўляе асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах магчымасці трапіць пад патэнцыйную амністыю ў 2024 годзе, вынікае з заявы кіраўніка МУС Івана Кубракова 11 студзеня па выніках нарады аб удасканаленні заканадаўства аб крымінальнай адказнасці.

“Намі было прапанавана: экстрэмісты і тэрарысты, што асуджаныя і прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, — да іх амністыю не прымяняць. Нашу прапанова падтрымалі”, — цытуюць чыноўніка дзяржСМІ.

“Бо ўсе разумеюць, што здзейснілі гэтыя людзі. І на сёньняшні дзень праблема застаецца. На жаль, тыя збеглыя, якія сёння знаходзяцца за мяжой, спрабуюць уплываць розным спосабам на нашых грамадзян, асабліва на моладзь, якая знаходзіцца тут. Але сітуацыю мы кантралюем, вядзем разведку ў тым ліку і ў інтэрнэце, таму што ўсё гэта адбываецца дыстанцыйна”, — сцвярджае Кубракоў.

Са слоў міністра вынікае, што амністыю, якую ўлады хочуць прымеркаваць да 80-годдзя вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, акрамя “палітычных” прапануецца не прымяняць да асоб, якія паўторна здзейснілі злачынства пасля прымененай да іх з 2020 года амністыі; злосным парушальнікам; небяспечным рэцыдывістам; пажыццёва зняволеным (у тым ліку тым, каму такім чынам замянілі смяротнае пакаранне); асуджаным за наркотыкі (акрамя непаўналетніх).

Згодна з прапановай МУС, на “безумоўнае вызваленне ад любога пакарання”, а таксама “спыненне папярэдняга расследавання” змогуць разлічваць тыя, хто здзейсніў злачынства, што “не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі або адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх”.

Амністыю плануецца прымяніць да непаўналетніх, цяжарных жанчын, жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, асоб пенсійнага ўзросту, інвалідаў І і ІІ груп, хворых на актыўную форму сухотаў, хворых на анкалагічныя захворванні і ВІЧ-інфікаваных, ветэранаў баявых дзеянняў іншых дзяржаў, грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС, асоб ільготнай катэгорыі грамадзян.

Прапануецца вызваліць асоб, пазбаўленых або абмежаваных у волі за злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі; менш цяжкія злачынствы (калі адбылі не менш за чварціну тэрміну).

Некаторым асуджаным прапануецца скараціць тэрмін пакарання, іншых — вызваліць ад неадбытай часткі пакарання.

Патэнцыйная амністыя ў 2024 годзе “павінна мець адрозненні”, заяўляе Лукашэнка (дапоўнена)

11 студзеня, Позірк. Калі рашэнне пра амністыю ў сувязі з 80-годдзем вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў будзе прынятае, то яна “павінна мець адрозненні” ад папярэдніх, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 студзеня ў Мінску на нарадзе па асобных пытаннях удасканалення заканадаўства аб крымінальнай адказнасці. …
Падзяліцца: