Мінск 08:01

ЕАБР: У 2024 годзе інфляцыйны ціск у Беларусі захаваецца, але ён будзе стрымлівацца ўладамі

Крыніца: pixapay.com

15 студзеня, Позірк. Паскарэнне росту цэн у Беларусі адбываецца на фоне “росту ўнутранага попыту” і “высокай інфляцыі ў Расійскай Федэрацыі — ключавым гандлёвым партнёры”, гаворыцца штотыднёвым макрапрагнозе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).

Спецыялісты прагназуюць, што ў 2024 годзе “інфляцыйны ціск захаваецца, але яго перанос у цэны будзе стрымлівацца цэнавым рэгуляваннем”.

За студзень — снежань 2023 года спажывецкія цэны выраслі на 5,8%: харчовыя тавары сталі даражэй на 6,8%, нехарчовыя — на 2,9%, паслугі — на 8,1%.

Першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў 21 снежня ў Мінску на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі заявіў, што “ў цэлым па году інфляцыя ацэначна складзе 5,4–5,6%”.

Лукашэнка 2 кастрычніка зацвердзіў найважнейшыя прагнозныя (дэ-факта планавыя) параметры развіцця краіны на 2024 год. Згодна з указамі № 307 і 308, прырост ВУП павінен скласці 3,8%, інвестыцый у асноўны капітал — 3,9%, экспарту тавараў і паслуг — 7,6%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 3,5%, рэальнага заробку — 3,9%, намінальнага сярэднямесячнага заробку — да 2.087 рублёў (у бюджэтным сектары — 1.634), інфляцыя — не больш за 6%, міжнародныя рэзервовыя актывы — не менш за 6 млрд долараў.

Падзяліцца: