Мінск 07:43

СК заявіў пра заканчэнне спецвытворчасці па справе аб атацы дрона на базу мінскага АМАПа

13 лістапада, Позірк. Аб завяршэнні спецыяльнай вытворчасці (расследаванне пры немагчымасці дабрацца да абвінавачаных) па справе аб атацы дрона на базу атрада міліцыі асаблівага прызначэння (АМАП) ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла 13 лістапада ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску.

Атака была здзейсненая 25 верасня 2021 года. У ёй абвінавачаныя былы супрацоўнік АМАП Павел Кулажанка і былы вайсковец Віталь Пацехін. Спецвытворчасць была распачатая 31 ліпеня.

Кулажанка, які ваюе на баку Украіны ў палку Каліноўскага, абвінавачваецца па ч. 3 арт. 289, ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 2904, ч. 1 арт. 2905, ч. 2 арт. 2953, ч. 1 арт. 357, ч. 1 і 2 арт. 3614, Пацехін — па ч. 3 арт. 289, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 2904, ч. 2 арт. 2905, ч. 2 арт. 2953 Крымінальнага кодэкса. Накладзены арышт на маёмасць абвінавачаных агульным коштам каля 240 тыс. рублёў.

Сілавікі лічаць Пацехіна выканаўцам атакі дрона на базу АМАПа восенню 2021 года, адказнасць за якую на сябе ўзяла арганізацыя “Буслы ляцяць”.

Кулажанка завочна праходзіў таксама па “справе змоўшчыкаў”, на падставе якога былі пазбаўленыя волі палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, беларуска-амерыканскі адвакат Юрый Зянковіч, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў (памілаваны).

Цяпер СК прылічыў Кулажанку і Пацехіна да “тэрарыстаў з арганізацыі “Супраціў”.

“Следствам устаноўлена, што Кулажэнка, узначальваючы экстрэмісцкае фармаванне “Буслы ляцяць”, далучыўся да змоўшчыкаў, якія хацелі ажыццявіць у Беларусі вайсковы пераварот, які прадугледжвае забойства Кіраўніка дзяржавы (тут і далей арфаграфія арыгінала захаваная. — “Позірк”.) і шэрагу найвышэйшых службовых асоб. Калі злачынны план Зянковіча, Фядуты і іншых яго ўдзельнікаў быў спынены супрацоўнікамі КДБ, замежныя “лідары апазіцыі” вырашылі змяніць тактыку барацьбы за ўладу. Так, Кулажанка разам са стваральнікамі радыкальных груп “Кібер-Партызаны” і “Дружыны Народнай Самаабароны — ДНС”, якія яшчэ задоўга да выбараў з’ехалі ў ЗША, аб’ядналіся ў тэрарыстычную арганізацыю “Супраціў”. Галоўнай мэтай для сябе яны ставілі гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу дзяржавы любым шляхам, у тым ліку здзяйсняючы тэракты”, — сцвярджаецца ў прэс-рэлізе СК.

“Паводле матэрыялаў справы Пацехін, уступіўшы ў шэрагі тэрарыстаў, выказаў гатоўнасць да здзяйснення найбольш жорсткіх і рэзанансных правакацый, — заяўляе камітэт. — Для выканання задання ён пры садзейнічанні недасведчаных кантрабандыстаў перамясціў з Украіны дрон з вялікай грузападымальнасцю і на працягу некалькіх месяцаў рыхтаваўся да рэалізацыі злачыннага плана. <…> Ён мадэрнізаваў лятальны апарат, усталяваўшы прылада скіду грузу і відэакамеру. <…> З дапамогай беспілотніка абвінавачаны скінуў дзве пяцілітровыя бутэлькі з запальнай сумессю на базу АМАП”.

“Пасля здзяйснення тэракту” Пацехін нібыта “схаваў дрон у схованку для перадачы іншаму ўдзельніку злачыннай арганізацыі і пакінуў тэрыторыю Беларусі”. Беспілотнік “трапіў не ў рукі чарговага тэрарыста, а да аператыўнікаў”.

Даведка “Позірку”:

арт. 14 КК — замах на злачынства;

арт. 289 — акт тэрарызму;

арт. 2904 — стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй;

арт. 2905 — арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі;

арт. 2953 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў;

арт. 357 — змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;

арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс. Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна ставяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

Першыя спецвытворчасці былі адкрытыя 26 верасня 2022 года. Колькасць грамадзян, у дачыненні да якіх яна ўжытая Следчым камітэтам, перавысіла 120. Апошнія месяцы пра яго пачатак аб’яўляецца рэдка: у сакавіку — у дачыненні да 21 чалавека, у красавіку — 6, у траўні — 12, у чэрвені — 3, у ліпені — 1, у жніўні — 7, у верасні — 1, у кастрычніку — 3, з пачатку лістапада — 1.

Падзяліцца: