Мінск 10:30

Уводзяцца больш жорсткія патрабаванні да якасці мабільнай сувязі — не больш за 6% няўдалых выклікаў

12 лістапада, Позірк. У Беларусі сталі больш жорсткімі патрабаванні да якасці сувязі мабільных аператараў, вынікае з апублікаваных на Нацыянальным прававым партале змяненняў у адпаведны дзяржаўны стандарт СТБ 1904-2022.

У стандарт унесена палажэнне пра тое, што доля няўдалых выклікаў ад агульнай колькасці павінна быць не больш за 6%, а тых, што не задавальняюць нарматывам па часе ўстанаўлення злучэння, — 5%. Доля выклікаў, якія скончыліся раз’яднаннем злучэння не з ініцыятывы абанента, не павінна перавышаць 3%.

Доля няўдалых злучэнняў перадачы даных ад агульнай колькасці спроб укірунку да абанента вызначана не больш за 10%, доля злучэнняў, якія не задавальняюць нормам па часе затрымкі перадачы ІРпакетаў (да 400 мс), — не больш за 7%.

Змены будуць уведзеныя 1 снежня.

26 жніўня Аляксандра Лукашэнка падпісаў указ “Аб наданні паслуг сотавай рухомай электрасувязі”, які абавязаў аператараў сотавай сувязі накіроўваць частку прыбытку на будаўніцтва новых вышак, мадэрнізацыю дзеючых аб’ектаў і “іншыя меры па развіцці сетак сотавай сувязі”.

13 чэрвеня 2023 года Лукашэнка выдаў указ, якім быў прадугледжаны “ахоп насельніцтва ў сельскай мясцовасці паслугамі сотавай сувязі і шырокапалоснага доступу да сеткі інтэрнэт”.

Паслугі мабільнай сувязі ў Беларусі надаюць тры кампаніі: УП “A1″, СТАА” Мабільныя ТэлеСістэмы “і ЗАТ “БеСТ” (аператар life:).

Паводле звестак Міністэрства сувязі і інфарматызацыі на канец верасня, колькасць абанентаў сотавай сувязі дасягнула амаль 12 млн, узровень пранікнення склаў 130,6 абанента на 100 жыхароў. LTE ахоплівае 99% насельніцтва.

За студзень — верасень 2024 года шырыня знешняга канала для доступу ў інтэрнэт павялічылася на 290 Гбіт/з да 3.920 Гбіт/с. Тэхналогія GPON дазваляе забяспечыць хуткасць перадачы дадзеных да 100 Мбіт/с. На 1 кастрычніка 2024 года па гэтай тэхналогіі падключана больш за 3 млн абанентаў.

У 2024 годзе пагоршылася пазіцыя Беларусі ў рэйтынгу свабоды ў інтэрнэце, у краіны 22 балы са 100 магчымых супраць 25 балаў годам раней, паведамляў складальнік рэйтынгу, праваабарончая арганізацыя Freedom House.

Па стане на канец 2023 года тэлекамунікацыйныя паслугі ў Беларусі надавалі 170 кампаній, што нязначна менш, чым у 2022-м. Дамінаваў Белтэлекам, які ўлады кантралююць праз Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. У 2023 годзе налічвалася 3,2 млн абанентаў фіксаванага шырокапалоснага доступу, з іх 2,5 млн (78%) былі падлучаныя праз Белтэлекам.

Падзяліцца: