Мінск 16:28

Запуск на арбіту карабля “Саюз МС-25” з беларускай на борце зноў перанесены

Марына Васілеўская
Фота: сайт Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў ім. Юрыя Гагарына (Расія)

19 студзеня, Позірк. Расійская дзяржкарпарацыя “Раскосмас” абвясціла новую дату старту пілатуемага карабля “Саюз МС-25” — 21 сакавіка.

На арбіту адправіцца экіпаж з трох чалавек: касманаўт “Раскосмаса” Алег Навіцкі (ураджэнец Беларусі), беларуска Марына Васілеўская і астранаўтка NASA (ЗША) Трэйсі Дайсан.

Першапачаткова палёт з удзелам беларускі быў запланаваны на сакавік 2023 года. Пасля было заяўлена, што з-за ўзніклай няштатнай сітуацыі ён будзе перанесены на восень. Пазней тэрмін перанеслі яшчэ на паўгода. Таксама называўся люты 2024-га. Апошняй да сённяшняй датай было 13 сакавіка.

Васілеўская 6 студзеня ў Мінску па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіла, што возьме з сабой у палёт сямейную дзіцячую фатаграфію, сцягі Беларусі і Акадэміі навук, а таксама алімпійскі сцяг.

29 траўня 2023-га паведамлялася, што бортправадніца авіякампаніі “Белавія” прызначаная ў асноўны склад экіпажа для палёту на Міжнародную касмічную станцыю. Васілеўская пазначана ў якасці ўдзельніцы касмічнага палёту ў місіі ЭП-21.

Другая прэтэндэнтка на ўдзел у палёце на МКС ад Беларусі, дзіцячы хірург Анастасія Лянкова, увайшла ў дублюючы склад экіпажа.

Для палёту ў космас медкамісію змаглі прайсці шэсць прэтэндэнтак, спачатку ў Беларусі, затым у Расіі.

Падзяліцца: