Мінск 13:58

Больш за тысячу беларусаў здзейснілі злачынствы ў Польшчы ў 2023 годзе

Фота: pexels.com

25 студзеня, Позірк. У 2023 годзе злачынствы ў Польшчы здзейснілі 17.278 замежнікаў — на 2,4 тыс. больш, чым у папярэднім, паведаміла 25 студзеня выданне Rszeczpospolita.

За дзесяць гадоў колькасць учыненых замежнікамі злачынстваў павялічылася ў Польшчы ў пяць разоў (з 3,5 тыс. у 2013 годзе).

Часцей за ўсё летась закон парушалі ўкраінцы (яны складаюць больш за палову замежнікаў, якім прад’яўленае абвінавачванне). Далей, паводле інфармацыі выдання, ідуць грузіны (2.714) і беларусы (1.030), за імі — прыехаўшыя з Малдовы і Расіі.

Выданне адзначае ўзрослую колькасць выпадкаў парушэння судовых забаронаў, якія часцей за ўсё накладаюцца за кіраванне ў нецвярозым стане, і прыводзіць у гэтай сувязі два правапарушэнні, учыненыя беларускімі грамадзянамі.

Так, у Гданьску за рулём быў затрыманы нецвярозы беларус, які меў забарону на кіраванне да сакавіка 2026 года, — ён ехаў “па ўсёй шырыні дарогі”. 22-гадовы мужчына, які пражывае ў Гдыні, парушыў дзве падобныя забароны, сеўшы за руль пасля прыёму амфетамінаў, а праз некалькі месяцаў “праславіўся тым, што расстраляў з пнеўматычнага пісталета іншую машыну, будучы пасажырам, бо яна яго абагнала”.

Паводле звестак Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы, на 31 снежня 2023 года ў краіне пражывала 118.562 грамадзяніна Беларусі, якія маюць сапраўдны дакумент, выдадзены ў Польшчы і які дае права на знаходжанне на тэрыторыі краіны. 30 чэрвеня 2023 года падобныя дакументы мела 91 тыс. грамадзян Беларусі, у жніўні 2020 года — 28 тыс.

Падзяліцца: