Мінск 01:38

На факультатыве “Мая Айчына” пяцікласнікам будуць распавядаць пра Лукашэнку і “Лінію Сталіна”

27 студзеня, Позірк. На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 27 студзеня з’явілася прынятая яшчэ 23 кастрычніка 2023 года пастанова Міністэрства адукацыі аб увядзенні факультатыва “Мая Айчына”, які закліканы павысіць “эфектыўнасць работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў падлеткавага ўзросту”.

Факультатыў прызначаны для навучэнцаў 5-7-х класаў (11-13 гадоў) і, мяркуючы па колькасці гадзін (35 у кожным класе), будзе праходзіць раз на тыдзень.

У 5-м класе другой тэмай заяўлена “Айчына — Радзіма — дзяржава” з падтэмай “Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь — А.Р. Лукашэнка”. У плане факультатыва таксама “завочная экскурсія ў гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, “Прысяга беларускага партызана”.

Шасцікласнікам будуць распавядаць пра “кіраўніка дзяржавы — прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, Усебеларускі народны сход, прапануюць размову “Толькі твая краіна і твая зямля заўсёды сагрэюць цябе”.

У праграме факультатыва для 7-га класа — “Роўнасць людзей перад судом і законам”, “Роўныя правы і магчымасці чалавека”, практыкум “Права на выказванне ўласнага меркавання”, літаратурна-музычная гасцёўня “Я слаўлю Айчыну, якая ёсць…”.

“У выніку асваення зместу сапраўднай вучэбнай праграмы” навучэнцы павінны, у прыватнасці, “мець уяўленне” аб паняццях “сімвалы дзяржаўнасці”, “дзяржаўная ўлада”, а таксама аб “ідэалогіі беларускай дзяржавы”, “сацыяльна-эканамічных дасягненнях беларускай дзяржавы”. Апошні пункт — “авалодаць навыкамі і ўменнямі <…> прыняцця і прызнання правамернасці розных пунктаў гледжання суразмоўцаў”.

Падзяліцца: