Мінск 19:16

Праваабаронцы: За праяву антываеннай пазіцыі ў Беларусі затрымалі больш за 1,6 тыс. чалавек

18 кастрычніка, Позірк. За праяву антываеннай пазіцыі ў Беларусі затрымалі не менш за 1.630 чалавек, 79 з іх асудзілі паводле крымінальных справаў на тэрмін ад 1 да 23 гадоў, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Па стане на 18 кастрычніка ў Беларусі 13 асуджаных за дыверсіі на чыгунцы агулам на 199,5 года няволі.

За перадачу фота і відэа расійскай ваеннай тэхнікі ў СМІ асуджаныя не менш за 35 асобаў, за намер ваяваць на баку Украіны — не менш за 13, за публічнае асуджэнне расійскай агрэсіі, данаты беларускім добраахвотнікам і падтрымку Украіны — не менш за 26.

Самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй краіне прайшлі 27 і 28 лютага 2022 года, тады было затрымана больш за 1,1 тыс. чалавек.

Удзельнікаў антываенных акцый пераследвалі за адзенне і сімволіку жоўта-блакітных колераў, за надпісы “Не вайне” на адзенні, за ўскладанне кветак каля амбасады Украіны ў Мінску.

Затрыманыя на акцыях падвяргаліся катаванням з боку сілавікоў, пратэстоўцаў моцна збівалі ў РУУСах, адкуль некаторыя траплялі наўпрост у лякарні, падкрэсліваюць праваабаронцы.

Падзяліцца: