Мінск 10:00

Памежнікі затрымалі кіроўцу аўтавоза, што ехаў з Літвы, — у грузе, верагодна, была марыхуана

Скрыншот: відэазапіс Дзяржпагранкамітэта

30 студзеня, Позірк. У пункце пропуску Беняконі (з сумежнага боку — Шальчынінкай) затрыманы грамадзянін Беларусі, які накіроўваўся з Літвы на аўтавозе, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, гэта адбылося 28 студзеня. Падчас агляду легкавых аўтамабіляў, якія транспартаваў мужчына, пагранічны нарад выявіў пакуначак з карычневым рэчывам расліннага паходжання, як мяркуецца, марыхуанай. Службовы сабака знайшоў яшчэ адзін “з падобным змесцівам”.

Кіроўца заявіў, што праверыў аўтамабілі перад пагрузкай, але не знайшоў нічога забароненага.

Знаходка адпраўлена на экспертызу. Пагранічнікі перадалі кіроўцу аўтавоза супрацоўнікам Воранаўскага РАУС (Гродзенская вобласць). У дачыненні да яго “праводзіцца праверка ў рамках Крымінальна-працэсуальнага кодэкса”.

Пагранкамітэт заклікаў перавозчыкаў транспарту старанна правяраць салоны аўтамабіляў. “Няпільнасць можа нанесці не толькі матэрыяльную шкоду, але і абярнуцца прыцягненнем да крымінальнай адказнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падзяліцца: