Мінск 03:56

Памілаваны Пратасевіч выключаны са “спісу экстрэмістаў”, адначасова туды ўнесена яшчэ 14 чалавек (дапоўнена)

Раман Пратасевіч у дзень памілавання
Скрыншот: відэасюжэт агенцтва "Мінск-Навіны"

2 лютага, Позірк. Памілаваны Раман Пратасевіч, некалі апазіцыйны блогер, выключаны са спісу асоб, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, звярнуў увагу 2 лютага праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Пратасевіч і яго сяброўка расіянка Сафія Сапега былі затрыманыя 23 траўня 2021 года ў выніку арганізаванай беларускімі ўладамі вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair, што ляцеў з Афін у Вільнюс. Мужчына пайшоў на здзелку са следствам. 3 траўня 2023 года яго асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі па “справе NEXTA”. 22 траўня ён быў памілаваны (Сапегу, асуджаную на 6 гадоў зняволення, памілавалі ў чэрвені).

Нягледзячы на памілаванне, 1 снежня МУС унесла Пратасевіча ў “экстрэмісцкі спіс” з паметкай “судзімасць не пагашана”. У пералік тады ж былі дададзеныя іншыя фігуранты гэтай справы: Ян Рудзік (19 гадоў пазбаўлення волі) і Сцяпан Пуціла (20). Іх асудзілі завочна ў рамках спецыяльнай вытворчасці.

Адначасова з выключэннем Пратасевіча 2 лютага Міністэрства ўнутраных спраў унесла ў пералік яшчэ 14 чалавек, зараз у ім 3.753 пазіцыі (некаторыя асобы ўнесеныя ў спіс двойчы).

Згодна з абноўленым дакументам на сайце МУС, 11 унесеных у спіс асуджаныя паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). ГэтаМаксім Бушчык (1995 года нараджэння), Яўген Данчанка (1992), Ксенія Каспяровіч (1993), Дзмітрый Кузьма(1987), Раман Кур’яновіч (1993), Яўген Куянцаў (1971), Вераніка Махнач (1988), Фёдар Савановіч (19), Юлія Сіроткіна (1986), Віктар Сцяпурка (1962), Дзяніс Хахлоў (1977).

Дададзены ў пералік Ілля Сухан (1986) асуджаны паводле арт. 3411 (прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі), а Артур Голубеў (1990) у дадатак да ч. 1 арт. 342 прызнаны вінаватым яшчэ паводле трох артыкулаў — ч. 2 арт. 366 (гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Уладзімір Марозаў (1980) асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне <…> варожасці або варажнечы), ч. 3 арт. 2031 (незаконныя дзеянні ў адносінах да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальных звестак), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч. 1 і 2 арт. 3614(садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), ч. 1 арт. 368, арт. 369, ч. 2 арт. 342.

Згодна з заканадаўствам, фінансавыя аперацыі асоб, уключаных у “спіс экстрэмістаў”, кантралююцца “з мэтай прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці”.

Цягам пяці гадоў пасля выканання судовых рашэнняў людзі з гэтага пераліку не могуць займацца педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, быць на дзяржслужбе, карыстацца зброяй.

Падзяліцца: