Мінск 07:59

Лукашэнка павысіў тарыфы ЖКГ

Фота: pixabay.com

2 лютага, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 2 лютага падпісаў Указ № 41, якім устаноўлены “гранічна дапушчальныя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі і памеры кампенсацыі выдаткаў на электраэнергію, спажываную на асвятленне дапаможных памяшканняў і працу абсталявання ў жылых дамах”.

Прэс-служба Лукашэнкі паведамляе, што ў выніку жыллёва-камунальныя плацяжы для насельніцтва ў разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма пражываючымі пры нарматыўным спажыванні імі паслуг вырастуць у 2024 годзе ў сярэднім на 20 рублёў.

Павышэнне тарыфаў будзе праведзена ў два этапы: з 1 студзеня — на жыллёва-камунальныя паслугі, за выключэннем ацяплення і гарачага водазабеспячэння, на 10,35 рубля; з 1 чэрвеня — на цеплавую энергію на мэты ацяплення і гарачага водазабеспячэння на 9,65 рубля.

Адзначаецца, што плацяжы для насельніцтва (у разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру) у ацяпляльны перыяд складуць прыкладна 173,15 рубля ў месяц, у летні — 132,86 рубля.

Паводле разлікаў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, у 2024 годзе ўдзельная вага жыллёва-камунальных плацяжоў у даходзе сям’і з трох чалавек пры двух працуючых, якія атрымліваюць сярэднюю зарплату, складзе 4,1%, сем’і з двух пенсіянераў — 9,1%.

Пры гэтым заяўляецца, што ва ўмовах росту тарыфаў ЖКГ будзе працягнутая праца па дзяржаўнай падтрымцы насельніцтва праз прадастаўленне безнаяўных жыллёвых субсідый.

Такія субсідыі прадастаўляюцца грамадзянам і сем’ям адрасна пры ўмове, што штомесячная сума камунальных плацяжоў перавышае 20% іх сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе і 15% — у сельскай мясцовасці.

Падзяліцца: