Мінск 18:57

Беларусь і Узбекістан маюць намер надаць “дадатковую дынаміку міждзяржаўнаму дыялогу” — МЗС

Ташкент
Крыніца: pixabay.com / Falco

5 лютага, Позірк. Узаемную зацікаўленасць надаць “міждзяржаўнаму дыялогу дадатковую дынаміку” пацвердзілі на сустрэчы 5 лютага ў Мінску міністр замежных спраў Сяргей Алейнік і амбасадар Узбекістана Рахматула Назараў.

Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства, узбекістанскі дыпламат уручыў міністру копіі даверчых грамат.

Паведамляецца, што бакі разгледзелі “актуальныя пытанні беларуска-ўзбекскага супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і іншых галінах, узаемадзеянне Беларусі і Узбекістана ў інтэграцыйных арганізацыях”, абмеркавалі “планы па падрыхтоўцы сумесных мерапрыемстваў рознага ўзроўню”.

29 студзеня амбасадар Беларусі ва Узбекістане Леанід Марыніч разгледзеў з намеснікам кіраўніка МЗС гэтай цэнтральнаазіяцкай дзяржавы Рахматулой Нурымбетавым графік “запланаваных на 2024 год візітаў і мерапрыемстваў на найвышэйшым і высокім узроўнях”. Праз некалькі дзён, 31 студзеня, ён абмеркаваў з міністрам інвестыцый, прамысловасці і гандлю Лазізам Кудратавым гандлёва-эканамічныя стасункі і магчымасць большай супрацы ў сферы сельскай гаспадаркі, прамысловасці і фармацэўтыкі.

Тавараабарот Беларусі і Узбекістана ў 2023 годзе перавысіў 600 млн долараў.

Падзяліцца: