Мінск 20:15

“Кошт урада”: Высокія заробкі летась сталі прычынай паскарэння росту цэн

Фота: "Позірк"

6 лютага, Позірк. Высокія заробкі на працягу мінулага года сталі прычынай паскарэння росту цэн, гаворыцца ў аналітычным матэрыяле праекта “Кошт урада”.

Зарплаты, як адзначылі эксперты, раслі хутчэй прадукцыйнасці працы, што “пагаршае праблему дысбалансаў рынку і зніжае канкурэнтаздольнасць мясцовых тавараў і паслуг”.

Аналізуючы рост заробкаў у 2023 годзе, “Кошт урада” падкрэсліў, што ў снежні планку сярэдняй заработнай платы (2.271 рубль) “зноў перасягнула толькі сталіца” з паказчыкам у 3.240 рублёў.

“За год рэальныя заробкі з папраўкай на інфляцыю ў сталіцы выраслі на 11,7%. Па рэгіёнах рост рэальнай заработнай платы склаў ад 10% (Гомельская вобласць) да 13,3% (Магілёўскай вобласць)”, — гаворыцца ў матэрыяле. Пры гэтым адзначана, што па выніках мінулага года заробкі “паказвалі рост, які перавышае інфляцыю”.

“У планах чыноўнікаў на 2024 год працяг гэтага фестывалю шчодрасці (падвышэння заробкаў. — “Позірк”.). Аднак, законы рынку ўсё часцей нагадваюць пра сябе. Прычым настолькі, што пра перагрэв эканомікі ўсё больш выразна загаварыў нават Нацбанк. З улікам пачатку электаральнага перыяду чыноўнікі будуць падвышаць стаўкі і працягваць напампоўваць грашыма эканоміку. Аднак шокі, выкліканыя празмернасцю грошай у эканоміцы, могуць даць пра сябе ведаць, не чакаючы завяршэння выбараў”, — канстатаваў “Кошт урада”.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў снежні 2023 года склаў 2.271 рубель — на 295,4 больш (+14,95%), чым у лістападзе.

У студзені ён складаў 1.684,9 рубля, лютым — 1.687,8, сакавіку — 1.814,2, красавіку — 1.795,9, траўні — 1.861,1, чэрвені — 1.927, ліпені — 1.933,1, жніўні — 1.962,4, верасні — 1.939,8, кастрычніку — 1.971,2, лістападзе — 1.975,6.

Такім чынам, за год ён вырас на 586,1 рубля (+34,8%).

За студзень — снежань 2023 года спажывецкія цэны выраслі на 5,8%: харчовыя тавары сталі даражэй на 6,8%, нехарчовыя — на 2,9%, паслугі — на 8,1%.

2 кастрычніка 2023 года Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў важнейшыя прагнозныя (дэ-факта планавыя) параметры развіцця краіны на 2024 год, згодна з якімі рэальныя грашовыя даходы насельніцтва павінны вырасці на 3,5%, рэальныя зарплаты — на 3,9%, намінальны сярэднямесячны заробак павінен узрасці да 2.087 рублёў (у бюджэтным сектары — да 1.634).

Падзяліцца: