Мінск 11:29

Украіна выдзеліла 24 млн долараў на ўмацаванне мяжы з Беларуссю ў Ровенскай вобласці

Фота: rv.gov.ua

13 лютага, Позірк. Урад Украіны вылучыў 900 млн грыўняў (каля 24 млн долараў) на працяг умацавання мяжы з Беларуссю ў Ровенскай вобласці, паведамляе адміністрацыя рэгіёна.

“Запланавалі будаўніцтва інжынерна-тэхнічных і фартыфікацыйных збудаванняў, якія менавіта і колькі — не буду канкрэтызаваць”, — сказаў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Коваль на брыфінгу.

Паводле яго слоў, летась пяці абшчынам Ровенскай вобласці перадалі субвенцыю на стварэнне супрацьтанкавых равоў і набыццё блокаў, тэтраэдраў і габіёнаў (фартыфікацыйныя загароды). У гэтым годзе працу над абаронай мяжы прадоўжаць.

Дзяржаўная мяжа паміж Беларуссю і Украінай складае 1.084,2 км, з іх 758,3 км на сухапутным участку, 325,9 км — па рэках Днепр, Сож і Прыпяць) і каля 120 км — у зоне адчужэння каля Чарнобыльскай АЭС.

Раней улады Ровенскай вобласці заяўлялі аб замініраванні ўсяго перыметра мяжы з Беларуссю і ўзвядзенні дзвюх ліній абароны. Даўжыня ўкраінска-беларускай мяжы ў Ровенскай вобласці — 229 км.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю вайне супраць Украіны. З тэрыторыі краіны пачалося ўварванне 24 лютага 2022 года.

Падзяліцца: