Мінск 21:33

Дарадца Ціханоўскай: Стаўленне ўладаў да беларускай моладзі — тупіковае

Маргарыта Ворыхава
Фота: svaboda.org

14 лютага, Позірк. Аляксандр Лукашэнка “захапіўся савецкімі традыцыямі вышэйшай адукацыі і зрабіў упор на падрыхтоўку выпускнікоў для айчыннага сектару [эканомікі], але гэта пазбаўляе беларусаў магчымасці развівацца, рухацца наперад”, заявіла дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава.

На яе думку, такое стаўленне ўладаў да беларускай моладзі — “тупіковае”.

“Нас абвінавачваюць у тым, што мы прагнем атрымліваць адукацыю за мяжой. Але беларуская адукацыя ўжо даўно састарэла. Яна рыхтуе не спецыялістаў, а выканаўцаў, зручных рэжыму. Без ініцыятывы, без імкнення ўдасканаліцца. У беларускія ВНУ не ідуць па веды туды ідуць за скарыначкай”, — падкрэсліла яна.

Ворыхава лічыць, што “прыхільнасць Лукашэнкі савецкім адукацыйным нормам — гэта рэгрэсія, якая ставіць пад пагрозу нашу з вамі будучыню”.

“У такім выпадку мы губляем сувязь з глабальным ландшафтам, які развіваецца, ігнаруем адаптыўнасць, інавацыі і разнастайнасць у адукацыйных працэсах”, — сказала палітык.

На яе думку, “адмаўляючыся прыняць адукацыйныя рэформы, Лукашэнка не толькі перашкаджае інтэлектуальнаму росту моладзі, але і душыць творчы патэнцыял, навыкі крытычнага мыслення.

Дарадца адзначыла, што “гэты састарэлы пункт гледжання зробіць беларускіх выпускнікоў і выпускніц дрэнна падрыхтаванымі для вырашэння праблем XXI стагоддзя”: “Моладзь проста не будзе паспяваць за дынамікай сучаснага свету, не зможа правільна ацэньваць шматступеннасць задач. Падрыхтоўка выпускнікоў выключна для айчыннага сектару, гэта блізарукае бачанне, якое ігнаруе рэальнасць глабальнага развіцця эканомікі”.

Яна ўпэўненая, што “сёння самы час не кансерваваць падыходы да адукацыі, а наадварот, правесці іх пераацэнку, пазбавіцца ад састарэлых ідэалогій, актыўна праводзіць рэформы, якія адпавядаюць міжнародным стандартам”.

“Рэжым чарговы раз падкрэсліў: яго не турбуе асабістае развіццё маладых беларусаў. Галоўнае, каб ВНУ рыхтавалі кадры, прыдатныя для выкарыстання ў сістэме — без ініцыятывы, уласнай думкі ці шырокага кругагляду, — лічыць Ворыхава. — Улада зневажае студэнтаў, што атрымліваюць адукацыю за мяжой”.

13 лютага на нарадзе з Рэспубліканскім саветам рэктараў Лукашэнка заявіў, што выкладчыкі “першыя адказваюць” за нацыянальную бяспеку і “нясуць адказнасць за захаванне суверэнітэту краіны”, пры гэтым у сістэме адукацыі да гэтага часу працуюць людзі, “якія не падзяляюць <…> нашу палітыку, дзяржаўную ідэалогію”, у яе працаўладкоўваюцца “ўчорашнія хістальнікі рэжыму”.

У 2020 годзе студэнты і выкладчыкі шмат якіх беларускіх ВНУ падтрымалі масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта. У выніку шэраг выкладчыкаў быў звольнены або вымушаны пайсці самастойна, на іх аказваўся ціск. Студэнтаў, якія бралі ўдзел у акцыях пратэсту, з навучальных установаў выключалі. Ва ўніверсітэтах пачалі прытрымлівацца палітыкі ідэалагізацыі адукацыі і пераследу іншадумства ў акадэмічнай сферы.

Больш за 165 студэнтаў было адлічана па палітычных матывах, больш за 80 выкладчыкаў страцілі працу за сваю палітычную пазіцыю, сотні студэнтаў і выкладчыкаў знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі і не могуць вярнуцца дадому.

Студэнты падвяргаліся крымінальнаму пераследу. Сярод самых гучных працэсаў — “справа студэнтаў”, у рамках якой 12 чалавек былі прысуджаныя да пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да двух з паловай гадоў. Усе яны прызнаныя палітычнымі зняволенымі, адбылі свой тэрмін і выйшлі на волю.

Падзяліцца: