Лукашэнка прыняў даверчыя граматы амбасадараў васьмі краін, у тым ліку Японіі, якая ўвяла санкцыі супраць яго і сыноў

15 лютага, Позірк. Беларусь гатовая да дыялогу “з усімі краінамі без выключэння і па любых пытаннях”, але “асаблівая ўвага” надаецца ўзаемадзеянню з дзяржавамі, якія “гэтага хочуць”. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 15 лютага даверчыя граматы амбасадараў Азербайджана, Узбекістана, Кыргызстана, Турцыі, Японіі, Непала, Амана і Гвінеі.
Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, якога цытуе ягоная прэс-служба, у аснове замежнай палітыкі краіны ляжаць “прынцыпы павагі, раўнапраўя і справядлівасці”.
Звяртаючыся да дыпламатаў, ён заявіў, што Беларусь “шчыра сустракае сяброў і партнёраў, зацікаўленых ва ўмацаванні адносін з нашай краінай”. “Мы з’яўляемся адназначнымі прыхільнікамі адзінай і непадзельнай бяспекі, выступаем за новы, больш справядлівы светапарадак, за магчымасці для развіцця і годнай будучыні для ўсіх народаў, а не толькі для так званага залатога мільярда”, — сказаў прамоўца.
Амбасадараў Азербайджана, Узбекістана, Кыргызстана, Турцыі Лукашэнка падзякаваў за стратэгічнае партнёрства. Прадстаўніку Японіі ён прапанаваў “рухацца па шляху супрацоўніцтва настолькі хутка і далёка, наколькі да гэтага гатовыя нашы японскія партнёры”.
Лукашэнка адзначыў, што “для развіцця сувязяў з Непалам прыйшоў час больш эфектыўна задзейнічаць неабходны рэсурс”, адзначыў “высокі ўзровень узаемаразумення” Беларусі і Амана, а таксама заявіў, што “Афрыка апошнім часам стала адным з галоўных арыенціраў беларускай замежнай палітыкі”.
26 траўня 2023 года генеральны сакратар урада Японіі Хіракадзу Мацуна заявіў, што Токіа асуджае рашэнне Масквы размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Прадстаўнік урада падкрэсліў: будучы адзінай краінай, якая пацярпела ад атамных бамбаванняў падчас вайны, Японія ніколі не прызнае ядзерную пагрозу з боку Расіі, не кажучы ўжо аб выкарыстанні ядзернай зброі.
У сакавіку 2023 года міністр замежных спраў гэтай краіны Есімаса Хаясі заявіў на прэс-канферэнцыі, што Японія мае намер і далей “належным чынам” рэагаваць на сітуацыю вакол Беларусі.
Пад санкцыямі японскага ўрада знаходзяцца Аляксандр Лукашэнка, яго сыны Віктар і Дзмітрый, прэс-сакратар Наталля Эйсмант, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, міністр абароны Віктар Хрэнін, начальнік Генштаба Узброеных сіл Віктар Гулевіч, старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара, старшыня КДБ Іван Церцель, генпракурор Андрэй Швед, старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо, дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, бізнесмены Аляксей Алексін, Мікалай Варабей, Аляксандр Шатроў і Аляксандр Зайцаў.
Пад абмежаванні таксама патрапілі Дзяржкамваенпрам, Мінскі завод колавых цягачоў, “Белтэхэкспарт”, “АГАТ — электрамеханічны завод”, 140-ы рамонтны завод, “Белшына”, “Сінезіс”, “Дана Холдынгс” (“Дана Астра”), “Сохра”, “Брэміна”, “Новая нафтавая кампанія”, “Гродна Азот”, а таксама “Белаграпрамбанк”, банк “Дабрабыт”, “Белінвестбанк” і Банк развіцця Беларусі.
17 сакавіка 2022 года ў інтэрв’ю японскаму тэлеканалу TBS Лукашэнка заявіў, што яго “вельмі расчароўвае” ўвядзенне Японіяй санкцый у дачыненні да Беларусі.

- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаПольшча зафіксавала адну спробу незаконнай міграцыі пасля 10 дзён адсутнасці актыўнасці на мяжы з БеларуссюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаПрэм'ера фільма Андрэя Куцілы “Лісты” пра рэпрэсіі ў Беларусі адбудзецца на Венецыянскім міжнародным фестываліМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛатвія чатыры месяцы штодня фіксуе спробы мігрантаў пранікнуць з Беларусі на яе тэрыторыю (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка


