Мінск 16:20

Медык, які пацярпеў ад нападу пацыента з сякерай: Адчуваю сябе больш ці менш добра, толькі баліць галава

Фота: прэс-служба СК

18 лютага, Позірк. Адзін з медыкаў, якія пацярпелі 10 лютага ад нападу ўзброенай сякерай пацыента, паведаміў тэлеканалу АНТ, што адчувае сябе “больш ці менш добра, толькі баліць галава”.

“Цяпер я на абязбольвальных”, — сказаў ён.

Мужчына ўспомніў падрабязнасці здарэння: “Мы прыехалі па адрасе, нас сустрэў бацька [пацыента]. Мы павінны былі шпіталізаваць [сына]. Але бацька не папярэдзіў, што ён агрэсіўны, неадэкватны. Ён сказаў, што ўсё добра, і вы можаце спакойна праходзіць”.

Паводле слоў медыка, пацыент “напаў са спіны”, “гэта было нечакана”, “мяне напарнік пайшоў ратаваць”.

12 лютага Следчы камітэт паведаміў аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да 33-гадовага мужчыны, які ў Мінску напаў з сякерай на медыкаў, што прыбылі на выклік у яго дом. Мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 14 і п. 1 ч. 2 арт. 139 КК (замах на забойства дзвюх асоб). Ён змешчаны ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя.

“Паводле звестак следства, днём 10 лютага <…> фельчары выязной брыгады прыехалі ў кватэру дома па вуліцы Пржэвальскага для шпіталізацыі 33-гадовага мужчыны ў псіхіятрычную клініку, — гаварылася ў паведамленні СК. — Да медыкаў звярнуўся бацька мужчыны. Яго сын ужо больш за 10 гадоў пакутуе на псіхічныя расстройствы, літаральна 6 лютага ён выпісаны з установы аховы здароўя пасля чарговага лячэння. Аднак лепей яму не стала”.

Спецыялісты, што прыбылі, паведаміла ведамства, папрасілі жыхара сталіцы “падняцца з ложка, апрануцца і прайсці з імі для далейшай кансультацыі ў бальніцы”. Пацыент “стаў паводзіць сябе агрэсіўна”, адзін з медыкаў “прыняў рашэнне выклікаць супрацоўнікаў міліцыі для аказання дапамогі”, але не паспеў гэта зрабіць.

“Мужчына за сваёй спіной пачуў дзіўныя гукі, — адзначыў СК. — Павярнуўшыся, ён убачыў, што яго калегу па галаве наносяць удары сякерай. Медык паспрабаваў выратаваць партнёра, аднак сам быў траўмаваны аналагічным чынам. На крыкі прыбег бацька, які паваліў сына на падлогу і выбіў зброю з рук. У гэты час работнікам удалося выбегчы на вуліцу. Убачыўшы тое, што адбываецца, кіроўца аўтамабіля меддапамогі неадкладна звярнуўся ў праваахоўныя органы”.

Пацярпелыя 30 і 42 гадоў (паводле інфармацыі СМІ, Глеб Чарнякоў і Сяргей Савельеў адпаведна) былі шпіталізаваныя. Сёння іх стан “расцэньваецца як сярэдняй ступені цяжкасці”. Папярэдне высветлена, што “сумарна ім нанесена не менш як 20 удараў сякерай у вобласць галавы і твару”.

“Следча-аператыўнай групай зафіксавана следавая карціна, дапытаны сведкі, канфіскавана прылада злачынства, прызначана правядзенне неабходных экспертных даследаванняў, вытворчасць якіх даручана спецыялістам ДКСЭ. <…> Расследаванне працягваецца. Следчымі будуць высветленыя прычыны і ўмовы, якія садзейнічалі здзяйсненню злачынства”, — заявіў СК.

Падзяліцца: