Мінск 10:30

Дэмсілы дамовіліся аб працэдуры выбараў у Каардынацыйную раду

Фота: КР

19 лютага, Позірк. Дэмакратычныя сілы дамовіліся аб працэдуры выбараў у новы склад Каардынацыйнай рады (КР), адпаведны праект неўзабаве будзе прадстаўлены на галасаванне дзейнага складу. Пра гэта 19 лютага паведаміў тэлеграм-канал КС.

“Рабочая група па выбарах, [складзеная з прадстаўнікоў] офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінета і партый, дасягнула кансенсусу”, — гаворыцца ў паведамленні.

Удакладняецца, што па выніках пасяджэння фінальны варыянт праекта будзе накіраваны Ціханоўскай.

“Варыянт, які прапануе рабочая група, прадугледжвае толькі адзін голас у выбаршчыка, а пасля выбараў у КР будзе створана кансультатыўная грамадская палата для няўрадавых арганізацый”, — адзначае КР.

Выбары ў Каардынацыйную раду прызначаныя на 25 траўня, адпаведнае рашэнне прынятае 9 лютага. Раней структура заяўляла, што выбары будуць прамымі, “з закрытымі спісамі і бачнымі кандыдатамі”.

7 лютага КР падоўжыла мандат дзеючага складу, які мінаў 8-га, да першага агульнага сходу новага складу. На гэтым фоне склала свае паўнамоцтвы віцэ-спікера і выйшла з КР Алена Жываглод.

Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) адклікала свайго дэлегата Арцёма Брухана “ў сувязі з завяршэннем паўнамоцтваў другога склікання Каардынацыйнай рады”. НАУ выступіла за правядзенне выбараў у КР па сістэме прамога галасавання, дзе ў кожнага выбаршчыка ёсць адзін голас.

У канцы снежня мінулага года дзевяць членаў КР запатрабавалі распусціць цяперашні склад.

28 лістапада 2023 года сілавікі правялі ў Беларусі больш за 130 ператрусаў у рамках крымінальнай справы, звязанай з дзейнасцю КР, вынесена 145 пастаноў аб арышце маёмасці.

Следчы камітэт паведаміў, што падазраванымі па справе праходзіць больш за 100 чалавек. Ім інкрымінуюцца ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).

Падзяліцца: