Мінск 19:06

Латушка: Галоўнай мэтай з’яўляецца прыцягненне да адказнасці пачвары па імені Лукашэнка

Павел Латушка на мітынгу з нагоды смерці Ігара Ледніка
Крыніца: прэс-служба НАУ

21 лютага, Позірк. Абавязак усіх беларускіх дыяспар за мяжой — “змагацца за нашу Бацькаўшчыну, за нашу зямлю, за кожнага беларуса, які сёння сядзіць у турме”, заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ўвечары 20 лютага ў Варшаве на экстранным мітынгу з нагоды смерці палітвязня Ігара Ледніка.

“Дай божа, каб такіх момантаў больш не было ў нашай гісторыі”, — падкрэсліў палітык.

Смерць Ледніка ён назваў “момантам, калі мы павінны быць разам і паказаць, што мы сіла і моц”.

“Я як юрыст заўсёды верыў у тое, што права павінна быць усяму падставай. Таму што менавіта яно прывядзе нас да галоўнай мэты — незалежнай еўрапейскай Беларусі”, — заявіў кіраўнік НАУ.

Паводле яго слоў, ужо тры з паловай гады дэмакратычныя сілы спрабуюць дамагчыся прыцягнення да адказнасці людзей, якія “здзекуюцца з беларускага народа”.

“Галоўнай нашай мэтай з’яўляецца прыцягненне да адказнасці гэтай пачвары, якая носіць імя Лукашэнка. Каб менавіта ён паўстаў перад міжнародным судом (лепш нацыянальным, але хай нават міжнародным) як адказны за ўсе тыя ахвяры, смерці беларусаў, якія адбываліся ўсе папярэднія дзесяцігоддзі і якія сёння адбываюцца на нашых вачах”, — падкрэсліў Латушка.

Палітык выказаў надзею, што знойдуцца адказныя еўрапейскія палітыкі, якія “змогуць праявіць палітычную волю”. Разам з тым, дадаў ён, “калі нас будзе мала, мы не зможам прыцягнуць іх увагу”.

На думку Латушкі, “трэба больш санкцый, больш ордэраў на арышт гэтых злачынцаў, у тым ліку і Лукашэнкі”.

Ігар Леднік памёр на 64-м годзе жыцця ў Мінскай раённай бальніцы, куды быў планава дастаўлены з бабруйскай калоніі №2. Пра гэта стала вядома 20 лютага. Раней ён адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі №15.

Прычынай смерці стала спыненне сэрца.

Журналіст і грамадскі актывіст быў затрыманы 12 красавіка 2022 года. Спачатку ён быў арыштаваны на 15 сутак, затым у дачыненні да яго пачалася крымінальная вытворчасць. 6 верасня 2022 года суд Ленінскага раёна Мінска (суддзя Таццяна Шоцік) прыгаварыў Ледніка да трох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) за публікацыю ў часопісе “Пазіцыя”, які выдаваўся Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада).

Ледавік стаў як мінімум пятым палітвязнем, які не дажыў да выхаду на волю.

Афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петар Стана ў сувязі са смерцю Ледніка заявіў, што рэжым Лукашэнкі нясе адказнасць за жыццё і здароўе палітвязняў.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская выказала спачуванні сям’і і блізкім Ледніка і заклікала СМІ, міжнародных партнёраў, праваабаронцаў стаць на абарону беларускіх палітвязняў.

“Гэта неверагодная несправядлівасць і трагедыя — тое, што ў турмах рэжым забівае беларусаў, якія хацелі змяніць жыццё сваёй краіны да лепшага. Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, а цяпер і Ігар Леднік сталі ахвярамі рэжыму Лукашэнкі”, — адзначыла Ціханоўская.

Падзяліцца: