Мінск 21:40

BySоl экстранна эвакуіраваў з Беларусі мастака-акцыяніста Аляксея Кузьміча

Аляксей Кузьміч
Архіўнае фота: "Новы час"

21 лютага, Позірк. Мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч эвакуяваны з Беларусі фондам салідарнасці BySоl. Пра гэта паведаміў у сацсетках сузаснавальнік арганізацыі Андрэй Стрыжак.

Паводле яго слоў, гэтая эвакуацыя “экстраардынарная тым, што чалавек неаднаразова падвяргаў сябе небяспецы, вяртаючыся ў Беларусь, што пацягнула за сабой значныя наступствы (крымінальны пераслед) і стварыла дадатковую нагрузку на службу эвакуацыі”.

“Заклікаем усіх беларусаў ставіцца адказна да рашэнняў ехаць ці не ехаць у Беларусь. Мы робім усё магчымае, але не заўсёды зможам прыйсці на дапамогу”, — напісаў Стрыжак.

Сам Кузьміч адзначыў у сацсетцы “Фэйсбук”, што вяртаўся ў сувязі са смерцю бабулі.

“Органы даведаліся, што я ў Беларусі, і завялі крымінальную справу за мой твор “Транзіт”. Абвясцілі ў вышук. За пару дзён да таго, як прыйшлі дадому са Следчага камітэта, я з’ехаў у вёску. Перад выбарамі сітуацыя абвастрылася. Пайшоў па хатах участковы. Я зразумеў, што прыйшоў час. Выехаць з першай спробы не атрымалася. Выявілася, што з Расіі выезд мне таксама забаронены. Але шчыліну я знайшоў. І цалкам легальна зваліў. Ужо трэці раз”, — напісаў ён.

Паводле інфармацыі Reform.by, мастак наведваў краіну і летась, а ў кастрычніку 2023 года яго відэафільм “Іншапланецяне ў Беларусі. Транзіт або Зад назад ” прыцягнуў увагу беларускіх праваахоўных органаў.

10 лютага з дапамогай фонду з краіны выехаў відэаблогер, былы палітвязень Сяргей Пятрухін, які баяўся новага крымінальнага пераследу. Грамадзяне за некалькі дзён сабралі 3 тыс. еўра, неабходныя яму на першы час.

9 лютага стала вядома пра эвакуацыю былой палітзняволенай, блогера Вольгі Такарчук. За 10 гадзін з дапамогай арганізацыі для яе было сабрана больш за 6,5 тыс. еўра.

На прэс-канферэнцыі ў Варшаве 9 лютага Стрыжак паведаміў, што пасля маштабнага рэйду сілавікоў у канцы студзеня колькасць зваротаў у BySol аб эвакуацыі вырасла ў тры разы.

У каментары “Позірку” 15 лютага ён удакладніў, што з 23 студзеня арганізацыя вывезла з краіны больш за 35 чалавек.

Падзяліцца: