Мінск 19:31

Латушка: Ёсць усе доказы, якія сведчаць аб ваенных злачынствах рэжыму Лукашэнкі

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 25 лютага 2024 года ў 10:10

Крыніца: інстаграм-акаўнт Паўла Латушкі, Konrad Skotnicki

25 лютага, Позірк. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) працягвае фіксаваць злачынствы, якія Аляксандр Лукашэнка і яго рэжым здзяйсняюць у дачыненні да беларускага народа, Украіны і ўкраінскага народа, заявіў у каментары “Позірку” кіраўнік НАУ, намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка.

24 лютага ў Варшаве палітык узяў удзел у акцыі, прысвечанай другой гадавіне пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны. Мерапрыемства, арганізаванае ўкраінскімі і польскімі актывістамі, сабрала больш за 20 тыс. чалавек.

“Ва ўкраінскім кантэксце гэта ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконным вывазам дзяцей”, — адзначыў экс-дыпламат.

Латушка падкрэсліў, што пасля пашырэння 23 лютага санкцый ЕС і ЗША ўсе, хто раней быў згаданы ў камунікацыі НАУ і Міжнароднага крымінальнага суда як асобы, што маюць дачыненне да незаконнага перамяшчэння дзяцей з акупаваных тэрыторый у Беларусь, унесены ў санкцыйныя спісы.

Гэта Аляксей Талай і яго фонд, Вольга Волкава і яе фонд “Дэльфіны”, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, гендырэктар прадпрыемства “Беларуськалій” Іван Галаваты і генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК) Дзмітрый Шаўцоў.

Гэтыя асобы, заявіў Латушка, “падазраюцца ва ўчыненні ваенных злачынстваў, звязаных з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей і наступным іх перавыхаваннем і мілітарызацыяй”.

“Трэба разумець, што пад рашэннем Еўракамісіі [аб санкцыях] ёсць прававое заключэнне юрыдычнай службы ЕС. Адпаведна, мы разумеем, што юрысты ў пэўнай ступені ўжо прызнаюць факт учынення дадзенымі асобамі ваенных злачынстваў”, — дадаў кіраўнік НАУ.

“У нас застаецца адна, самая галоўная і ключавая мэта: зрабіць усё, каб быў выдадзены ордэр на арышт Лукашэнкі, — сказаў Латушка. — Ён павінен атрымаць яго, каб мы ў наступным маглі прывесці да расколу эліт. Калі Лукашэнка вырашыцца пайсці на выбары на чарговы тэрмін — на гэтыя выбары адправіць яго з ордэрам Міжнароднага крымінальнага суда, што, безумоўна, будзе ўплываць і на беларускае грамадства”.

Палітык “далёкі ад ілюзій”, што такое развіццё падзей прывядзе да аднамаментных змен у Беларусі, але “гэта важныя базавыя рашэнні”.

Грамадска-прававая згода па пытанні здзяйснення беларускімі ўладамі ваенных злачынстваў, як лічыць Латушка, ужо існуе, у тым ліку з боку міжнародных экспертаў, юрыстаў.

“Ёсць усе доказы, якія сведчаць аб тым, што гэтыя асобы ўчынілі ваенныя злачынствы”, — сказаў экс-дыпламат.

Гл. таксама:

У 13-ы пакет санкцый ЕС супраць РФ уключаны генеральны сакратар БЧК Шаўцоў, паралімпіец Талай і тры беларускія прадпрыемствы

У санкцыйны спіс ЗША ўключаны Талай і дырэктар авіярамонтнага завода ў Баранавічах

Падзяліцца: