Мінск 05:24

Арганізаваныя Лукашэнкам псеўдавыбары не паўплываюць на падтрымку Ціханоўскай і дэмсілаў — група “Дэмакратычная Беларусь” у Бундэстагу

Робін Вагенер (справа) і віцэ-канцлер ФРГ Роберт Хабек на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у лістападзе 2023 года
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

25 лютага, Позірк. Група сяброўства “Дэмакратычная Беларусь” у нямецкім Бундэстагу цвёрда падтрымлівае Святлану Ціханоўскую і дэмакратычныя сілы ў Беларусі. Псеўдавыбары, учыненыя дыктатарам Лукашэнкам 25 лютага 2024 года, гэтага не зменяць, гаворыцца ў заяве ініцыятара стварэння групы Робіна Вагенера (партыя “зялёных”, уваходзіць у кіруючую кааліцыю).

Паводле яго слоў, як і сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары летам 2020 года, гэтыя “выбары” не з’яўляюцца ні сумленнымі, ні свабоднымі. Чарговы раз АБСЕ не было дазволена міжнароднае назіранне, адзначыў Вагенер.

Замест гэтага, заявіў парламентарый, Лукашэнка працягнуў беспрэцэдэнтную хвалю рэпрэсій напярэдадні “выбараў”. Дэпутат нагадаў аб пераследзе сваякоў палітвязняў, якія атрымлівалі харчовую дапамогу, а таксама аб нядаўняй смерці палітвязня Ігара Ледніка “з-за недастатковай медыцынскай дапамогі”.

“Мы рашуча асуджаем бесчалавечныя дзеянні беларускага рэжыму. Мы патрабуем безумоўнага і неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, а таксама сумленных і свабодных выбараў у Беларусі. Наша падтрымка беларускага дэмакратычнага руху ёсць і застаецца нязменнай!” — напісаў Вагенер.

Гл. таксама:

ЗША заявілі аб непрызнанні парламенцкіх выбараў у Беларусі (дапоўнена)

Падзяліцца: