Мінск 09:57

Ціханоўская заклікала падтрымаць прымеркаваны да 8 сакавіка дабрачынны збор для жанчын-палітзняволеных

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

1 сакавіка, Позірк. Падтрымаць дабрачынны збор для жанчын-палітзняволеных з нагоды Міжнароднага жаночага дня, які адзначаецца 8 сакавіка, заклікала ў сваім-тэлеграм-канале дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Гэта варта зрабіць, каб “беларускі ў зняволенні адчулі нашую падтрымку і клопат”, падкрэсліла палітык.

Яна звярнула ўвагу, што фонд салідарнасці BySol сумесна з Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) пачаў дабрачынны збор сродкаў для беларускіх жанчын-палітзняволеных. Сабраныя грошы будуць перададзеныя іх сем’ям.

На гэты момант сабрана 5.100 еўра з неабходных 10.000.

“Сёння не менш за 180 беларусак знаходзяцца за кратамі за свае палітычныя погляды і змаганне за справядлівасць, — адзначыла Ціханоўская. — Сярод іх ёсць і шматдзетныя маці, і пенсіянеркі, і жанчыны з сур’ёзнымі захворваннямі. Іх змяшчаюць у ШІЗА, ім прысуджаюць дадатковыя гады зняволення, катуюць — фізічна і псіхалагічна”.

“Я не ведаю, што адчувае кожная з гэтых жанчын, але вельмі хачу, каб яны ведалі, што яны не адныя, што пра іх памятаюць і іх падтрымліваюць. На жаль, спосабаў дапамагчы нашым палітзняволеным зараз няшмат. Але паўдзельнічаць у зборы — якраз адзін з іх”, — сказала дэмлідар.

На 1 сакавіка ў Беларусі 1.410 палітвязняў.

Падзяліцца: