Мінск 01:18

Ціханоўская наведае з афіцыйным візітам Балгарыю, адносіны з якой разлічвае аднавіць Лукашэнку

Фота: "Позірк"

3 сакавіка, Позірк. 4–5 сакавіка дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская наведае Балгарыю з афіцыйным візітам, паведаміла прэс-служба палітыка.

Анансаваны шэраг сустрэч з балгарскімі палітыкамі, у тым ліку з прэм’ер-міністрам Мікалаем Дзенкавым, кіраўніком МЗС Марыяй Габрыэль, былым прэм’ерам, кіраўніком камітэта ў справах Еўропы Нацыянальнага сходу Кірылам Петкавым, мэрам Сафіі Васілём Тэрзіевым, намеснікам міністра юстыцыі Эмілем Дзечавым і дарадцам міністра ў еўрапейскіх справах Стэфанам Тафравым.

Акрамя гэтага, Ціханоўская возьме ўдзел у двух мерапрыемствах — лекцыі, арганізаванай Сафійскім універсітэтам “св. Клімент Ахрыдскі” (тэма: “Супраціў беларускай апазіцыі вайне ва Украіне і рэжыму ў Беларусі”) і дыскусіі ў парламенцкай камітэце ў справах Еўропы аб супрацьдзеянні дэмсіл расійскай агрэсіі і рэжыму Лукашэнкі.

Чакаецца, што па выніках візіту ў парламенце Балгарыі будзе створана група “За дэмакратычную Беларусь”.

“Святлана Ціханоўская дасць інтэрв’ю вядучым балгарскім медыя і возьме ўдзел у самых папулярных у Балгарыі палітычных тэлепраграмах “Панарама” і “120 хвілін”, — паведамілі ў прэс-службе дэмлідара.

Гэта першы візіт Ціханоўскай у Балгарыю. Гэтая зяржава з’яўляецца членам Еўрапейскага саюза і НАТО.

3 сакавіка, за суткі да візіту Ціханоўскай у Балгарыю, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць да аднаўлення “канструктыўнага супрацоўніцтва” з Балгарыяй, “у першую чаргу ў гандлёвай і гуманітарнай сферах”.

Віншуючы 3 сакавіка народ гэтай краіны з Днём вызвалення ад асманскага прыгнёту, ён выказаў упэўненасць, што збліжэнню Мінска і Сафіі будуць спрыяць “духоўная блізкасць, сімпатыя і павага паміж беларускім і балгарскім народамі”.

Гісторыя двухбаковых адносін, паводле слоў Лукашэнкі, “налічвае не адно дзесяцігоддзе”, на працягу гэтага часу “заснаваныя на даверы традыцыйна дружалюбныя і партнёрскія кантакты <…> паспяхова ўмацоўваліся, спрыялі росквіту нашых дзяржаў”.

Падзяліцца: