Мінск 11:23

Латушка прапанаваў стварыць даступную для беларусаў інфармацыйную крыніцу пра сацзабеспячэнне ў Польшчы

Фота: прэс-служба АПК

6 сакавіка, Позірк. Стварыць “адзіную і даступную для беларусаў інфармацыйную крыніцу пра сацыяльнае забеспячэнне” прапанаваў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка на сустрэчы з намеснікам міністра сям’і, працы і сацпалітыкі Польшчы Себасцьянам Гаеўскім.

Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, прапанова была падтрыманая. “Польскі ўрад ужо мае досвед падобнай працы з украінскімі бежанцамі, а беларусы — другая па колькасці група замежнікаў у Польшчы. Намеснік міністра таксама адзначыў, што кожны грамадзянін Беларусі можа звярнуцца па індывідуальныя тлумачэнні ў Ведамства сацстрахавання Польшчы (ZUS)”, — адзначана ў паведамленні.

Бакі дамовіліся, што АПК “будзе інфармаваць міністэрства па абагуленых праблемах беларусаў”, якія тычыцца “палажэнняў польскай сацыяльнай палітыкі”. Акрамя таго, беларусы могуць паведамляць АПК і НАУ “пра распаўсюджаныя праблемы сацзабеспячэння для падрыхтоўкі абагуленых запытаў у міністэрства”.

Падчас сустрэчы палітык паведаміў польскаму чыноўніку пра “масавыя рэпрэсіі, парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, знішчэнне грамадзянскай супольнасці”. Гаеўскі ад імя ўрада Польшчы “выказаў салідарнасць з беларускім грамадствам і дэмакратычнымі сіламі”.

Латушка таксама ўзняў пытанні, звязаныя з выплатай пенсій грамадзянам Беларусі, дапамогі на дзіця “800+” ды інш. “Намеснік міністра растлумачыў: пенсія можа быць выплачана або на падставе працоўнага стажу ў Польшчы (мінімум стажу — адзін дзень), да якога можа быць залічаны стаж у Беларусі, або ў рамках двухбаковага дагавора з Рэспублікай Беларусь аб узаемным сацзабеспячэнні”, — паведамляе АПК.

Разам з тым Гаеўскі “выказаў гатоўнасць вывучыць магчымасці выплат пенсій без звароту ў дзяржорганы Беларусі для асоб, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь і знаходзяцца пад міжнароднай абаронай”.

Намеснік міністра паведаміў таксама, што ўрад Польшчы “рыхтуе змены ў заканадаўства, якія ліквідуюць прабелы, пры якіх грамадзянін Беларусі, што мае гуманітарны ДНЖ і страціў працу, пакуль не можа разлічваць на статус беспрацоўнага”.

Падзяліцца: