Мінск 20:00

Беларускія мытнікі абвінавачваюць літоўскіх калег у сабатажы

Фота: ДМК

7 сакавіка, Позірк. Пасля закрыцця Літвой з 1 сакавіка ў аднабаковым парадку яшчэ двух пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы “кантралюючыя службы Літвы не спяшаюцца працаваць не тое, што ва ўзмоцненым рэжыме, а нават з-за існуючых магчымасцей”, сцвярджаецца ў тэлеграм-канале Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі .

Паводле звестак ведамства, “і чэргі, якія так і ёсць, з-за адсутнасці належнага афармлення на літоўскім баку ўзраслі ў два разы”. Адзначаецца, што “выезду з Беларусі ў літоўскія “Мядзінінкай” і “Шальчынінкай” зараз чакае звыш 1,8 тыс. грузавікоў”.

Паводле інфармацыі беларускага боку, “за мінулыя суткі літоўцы не аформілі і 20% аўто ад магчымай колькасці”.

Заяўляецца, што “не лепшая сітуацыя і на ўезд праз гэтыя пункты пропуску ў Беларусь: пры магчымасцях прыёму ў беларускім “Каменным Логу” 600 транспартных сродкаў, з Літвы за мінулыя суткі прайшла толькі палова ад гэтай колькасці.

“Нерытмічная падача і прыём транспарту сумежным бокам назіраецца ўвесь час. Пры гэтым беларускія мытнікі аператыўна афармляюць усе грузавікі, якія прыбываюць да нас з сумежнага боку”, — гаворыцца ў рэлізе.

21 лютага ўрад Літвы прыняў рашэнне аб закрыцці з 1 сакавіка пагранічных пераходаў Лаварышкес (з беларускага боку Катлоўка) і Райгардас (Прывалка).

Такім чынам, на мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пункты пропуску з шасці — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). КПП Шумскас (Лоша) і Твярячус (Відзы) былі зачыненыя 18 жніўня 2023 года.

1 сакавіка старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі заявіў, што закрыццё пунктаў пропуску Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка) з’яўляецца “адназначна недружалюбным крокам”.

Паводле словаў чыноўніка, “ўзрастуць чэргі грузавых транспартных сродкаў, якія пераразмяркуюцца на іншыя пункты пропуску, гэта ж закране і іншы транспарт”. “З улікам таго, што нашы калегі з сумежных дзяржаў не вельмі добра прымаюць транспартныя сродкі як да сябе, так і ад сябе афармляюць, прагназуем, што сітуацыя пагоршыцца”, — заявіў Арлоўскі.

Мытныя органы Беларусі, паводле сцвярджэння кіраўніка ДМК, “максімальна накіравалі на дзеючыя пункты пропуску асабовы склад, надглядную тэхніку, сканіруючыя машыны”.

Дзяржаўны пагранічны камітэт 1 сакавіка заявіў, што чэргі грузавікоў перад пунктамі пропуску Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі) за тыдзень выраслі больш як удвая (з 580 да 1.200).

Прапускная здольнасць пункта Лаварышкес — 320 легкавых і 250 грузавых аўтамабіляў у суткі ў адным напрамку, Райгардас — 250 і 230 адпаведна.

Літоўскія ўлады заяўляюць, што прынятыя меры накіраваны на вырашэнне праблем нацыянальнай бяспекі, кантрабанды і парушэнні міжнародных санкцый.

У астатніх пунктах Літва забараніла рух пешаходаў і веласіпедыстаў, а колькасць дазволаў на пасажырскія перавозкі скараціла на 50%.

Падзяліцца: