Мінск 13:49

Шастакоў абмеркаваў у Бангладэш “нарошчванне дыялогу”

Фота: МЗС Беларусі

10 сакавіка, Позірк. Актывізацыю палітычнага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва абмеркавалі намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў і міністр замежных спраў Бангладэш Масуд Бін Мамен 10 сакавіка ў Дацы.

Шастакоў наведвае краіну да 12 сакавіка, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

Таксама размова ішла аб пашырэнні дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін і арганізацыі дзелавых візітаў.

Дасягнуты “прадметныя дамоўленасці па першачарговых кроках для нарошчвання дыялогу Мінска і Дакі ў розных сферах”.

Бакі разгледзелі “шырокі спектр пытанняў беларуска-бангладэшскіх адносін, уключаючы супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сферы, у галіне адукацыі, культуры і турызму, а таксама ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях”.

Абмяняліся думкамі “па актуальных пытаннях рэгіянальнага і глабальнага парадку дня”.

У жніўні 2023 года кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік і прэм’ер-міністр краіны Шэйх Хасіна абмеркавалі “сітуацыю з беларускімі калійнымі ўгнаеннямі” (яны знаходзяцца пад санкцыямі ЕС, — “Позірк”.), паведамляў афіцыйны Мінск.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Народнай Рэспублікай Бангладэш устаноўлены ў лютым 1992 года. У краіне акрэдытаваны па сумяшчальніцтве пасол у Індыі Аляксандр Ржэўскі.

Двухбаковае пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве набыло моц у маі 2012 года.

Паводле звестак МЗС Беларусі, за 2021 год тавараабарот з Бангладэш узрос да 177 млн долараў (+56,2%), з іх беларускі экспарт вырас да 149,8 млн долараў (+71,8%), імпарт вырас да 27,2 млн долараў (+4,1%). Дадатнае сальда — 122,6 млн.

Беларусь пастаўляла калійныя ўгнаенні, малако і вяршкі, правады ізаляваныя і кабеля, цэлюлозу, паперу, профілі са сталі і інш.

Імпарт бангладэшскіх тавараў — гародніна, садавіна, тэкстыль, адзенне.

Падзяліцца: