Мінск 04:13

Нацбанк у 2024 годзе будзе праводзіць валютную палітыку ў рэжыме плаваючага курса

Фота носіць ілюстрацыйны характар
Крыніца: pixabay.com

23 кастрычніка, Позірк. Валютная палітыка Нацыянальнага банка ў 2024 годзе “будзе ажыццяўляцца ў рэжыме плаваючага курса, вынікае з зацверджаных рэгулятарам “Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі на 2024 год”.

Гэта значыць, што курс беларускага рубля будзе фармавацца “пад уздзеяннем суадносін попыту на замежную валюту і яе прапановы на ўнутраным валютным рынку”, тлумачыць Нацбанк.

Гэты рэжым “дапускае правядзенне валютных інтэрвенцый” з мэтай “згладжвання рэзкіх ваганняў курсу падчас таргоў замежнымі валютамі”, якія праводзяцца на Беларускай валютна-фондавай біржы.

Калі прапанова будзе “ўстойліва перавышацца” над попытам, плануецца набываць замежную валюту для папаўнення золатавалютных рэзерваў.

У 2024 годзе адной з ключавых задач развіцця беларускай эканомікі стане забеспячэнне “ўстойлівых тэмпаў яе росту” ва ўмовах захавання “падвышанай нявызначанасці”, звязанай са “знешнеэканамічнымі падзеямі”, а таксама “трансфармацыяй эканамічнай структуры ўнутры краіны ў працэсе адаптацыі да змененых умоў вядзення бізнесу”.

Таму, лічыць Нацбанк, узрастае значэнне “прадказальнага ўнутранага асяроддзя, якое дазваляе эканамічным агентам больш эфектыўна планаваць сваю дзейнасць”.

Працэсы трансфармацыі ў эканоміцы, якія адбываюцца “ў адказ на знешнія выклікі”, патрабуюць “фінансавых рэсурсаў, даступных для насельніцтва і бізнесу”.

Згодна з дакументам, рэгулятар будзе рабіць “істотны ўнёсак у развіццё эканомікі” праз рэалізацыю грашова-крэдытнай палітыкі, скіраванай на “забеспячэнне цэнавай і фінансавай стабільнасці”.

Цэнавая стабільнасць, выяўленая ў “устойліва нізкай інфляцыі”, паводле сцвярджання Нацбанка, выступае “важным элементам спрыяльнага асяроддзя для жыцця людзей і вядзення бізнесу”. Яна “абараняе даходы і зберажэнні ў нацвалюце ад абясцэнення”, што дазваляе “падтрымліваць узровень жыцця, больш упэўнена планаваць выдаткі”.

Акрамя таго, цэнавая стабільнасць “садзейнічае падвышэнню даступнасці пазыковага фінансавання для суб’ектаў гаспадарання, бо зніжае інфляцыйную прэмію, якую банкі закладваюць у працэнтныя стаўкі”. Яна таксама “спрашчае фінансавае і інвестыцыйнае планаванне для бізнесу, павялічвае давер да нацыянальнай валюты і стварае ўмовы для зніжэння валютызацыі актываў і абавязацельстваў у эканоміцы”.

“Такім чынам, цэнавая стабільнасць чыніць уплыў на інвестыцыйную і спажывецкую актыўнасць у краіне, з’яўляючыся неабходнай умовай устойлівага эканамічнага росту”, — канстатуе Нацбанк.

У 2024 годзе рэгулятар будзе фармаваць манетарныя ўмовы, якія “спрыяюць дасягненню мэтавага паказчыка па прыросце спажывецкіх цэн”.

“Працягнецца рэалізацыя палітыкі кантролю за грашовай прапановай, — гаворыцца ў дакуменце. — Прырост сярэдняй шырокай грашовай масы складзе 11–15%, а сярэдняй рублёвай грашовай масы — 17–22% (снежань 2024-га да снежня 2023-га), рублёвай грашовай базы — 10-13% (1 студзеня 2025-га да 1 студзеня 2024-га)”.

Працэнтная палітыка, як і раней, будзе скіраваная на “забеспячэнне прывабнасці зберажэнняў у нацыянальнай валюце, што фармуюць рэсурсную базу банкаў для фінансавання эканомікі, а таксама на падвышэнне даступнасці крэдытаў для суб’ектаў гаспадарання і насельніцтва”.

Чакаецца, што працэнтныя стаўкі ў эканоміцы “будуць падтрымлівацца на станоўчым узроўні ў рэальным выражэнні”.

Стаўка рэфінансавання “ацэньваецца на ўзроўні 9–9,5% гадавых у сярэднім за 2024 год”.

Сёлета 28 чэрвеня стаўка рэфінансавання была зніжана з 9,75 да 9, 5% гадавых. Да гэтага яна зніжалася 23 студзеня — з 12 да 11,5%, 1 сакавіка — да 11%, 3 красавіка — да 10,5%, 2 траўня — да 10%, 31 траўня — да 9,75%.

У студзені афіцыйны курс долара ў Беларусі знізіўся на 3,27% (да 2,6468 рубля); за студзень — люты — вырас на 2,62% (да 2,808), студзень — сакавік — на 4,41% (да 2,8571), студзень — красавік — на 6,91% (да 2,9255), студзень — травень — на 6,8% (да 2,9226), студзень — чэрвень — на 10,88% (да 3,0315), студзень — ліпень — на 10,58% (да 3,0258), студзень — жнівень — на 17,44% (да 3,2135).

Падзяліцца: