Мінск 18:46

Жываглод, Дабравольскі, Лібер і Марыніч завочна прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі (дапоўнена)

Алена Жываглод
Фота: "Еўрарадыё"

18 сакавіка, Позірк. Палітыкі і актывісты Алена Жываглод (Жылачкіна), Аляксандр Дабравольскі, Павел Лібер і Павел Марыніч завочна ў рамках спецвытворчасці прыгавораны 18 сакавіка да чатырох гадоў пазбаўлення волі, паведамляе Генпракуратура

Ім інкрымінавана тое, “што яны сумесна з асуджанымі Ціханоўскай С.Г., Кавальковай А.А., Латушкам П.П. і іншымі асобамі распрацавалі і рэалізавалі план супрацьпраўных дзеянняў па зрыве рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь”.

“У названых мэтах саўдзельнікі злачынства ў студзені — лютым 2022 года вырабілі і накіравалі ў адрас членаў Цэнтрвыбаркама і камісій па рэферэндуму не менш як 11 тыс. лістоў з пагрозамі ўчыніць у адносінах да іх супрацьпраўныя дзеянні”, — заявілі ў пракуратуры.

Усіх чацвярых прызналі вінаватымі на падставе ч. 2 арт. 191 (перашкаджэнне рабоце Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісій па рэферэндуме, учыненае з прымяненнем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове). Кожнаму з абвінавачаных беларускі суд прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін чатыры гады.

“Паколькі абвінавачаныя ўцяклі за межы Рэспублікі Беларусь і ўхіліліся ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс, крымінальная справа разгледжана судом у парадку спецыяльнай вытворчасці з захаваннем агульных умоў судовага разбору”, — заявілі ў ведамстве.

Раней Генпракуратура заяўляла, што ў адпраўленых лістах “змяшчаліся пагрозы для запалохвання, фарміравання сумневу ў правамернасці сваіх дзеянняў і пачуцця віны за працу ў складзе выбарчых камісій, выклікаліся ўяўленні аб немагчымасці дзеючай улады забяспечыць іх бяспеку”.

У лістах, як сцвярджаецца, таксама выказвалася патрабаванне прадаставіць прызнанай “экстрэмісцкім фармаваннем ініцыятыве “Сумленныя людзі” нейкіх звестак”, “рабіліся неабгрунтаваныя заявы аб фальсіфікацыях яўкі на рэферэндум і вынікаў галасавання”.

Спецыяльная вытворчасць па справе была распачатая 27 снежня.

Жываглод (у раскладзе суда — Жылачкіна) — кіраўніца ініцыятывы “Сумленныя людзі”, да нядаўняга часу была віцэ-спікерам Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу.

Дабравольскі з’яўляецца старэйшым палітычным дарадцам дэмакратычнага лідэра Святланы Ціханоўскай, далучыўся да яе каманды ў 2020 годзе.

Лібер – стваральнік платформаў “Голас”, якая выкарыстоўвалася ў 2020 годзе для верыфікацыі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, і “Новая Беларусь”.

Марыніч — кіраўнік праекту “Маланка медыя”, заснавальнік платформы Zubr, якая ў 2020 годзе таксама збірала інфармацыю аб выбарах.

Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчыма паводле 34 складаў злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

Падзяліцца: