Мінск 02:32

Разблакаваны сайт спартыўнай газеты “Прэсбол”

23 кастрычніка, Позірк. Адноўлены доступ да інтэрнэт-рэсурсу спартыўнай газеты “Прэсбол”. Пасля чатырох месяцаў блакавання сайт адкрываецца як у Беларусі, так і за мяжой.

У чэрвені 2023 года pressball.by быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі без паведамлення рэдакцыі аб прычынах. У пачатку жніўня супрацоўнікі адкрылі сайт resport.by, аднак і ён менш чым праз суткі быў заблакаваны.

6 кастрычніка адзіным уласнікам спартыўнага выдання стала Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола”. Адпаведнае рашэнне было зацверджана на пасяджэнні выканкама арганізацыі.

Федэрацыя набыла 50% долі ў статутным фондзе ТАА “Прессбол-91”: па 10% — у Дзмітрыя Беленькага (пакінуў газету “Прэсбол” каля трох гадоў таму) і Аляксандра Дабрыяна, яшчэ 30% — у Юрыя Арлова (дзеючыя супрацоўнікі).

З улікам таго, што БФФ ужо валодала паловай долі статутнага фонду ТАА “Прэсбол-91”, яна стала адзіным яго ўладальнікам.

Продаж федэрацыі 50% долі адбыўся на фоне фінансавых праблем, з якімі медыя сутыкнулася пасля блакавання сайта і страты рэкламных даходаў.

11 жніўня на 55‑м годзе жыцця памёр галоўны рэдактар “Прэсбола” Сяргей Лісічкін. Новы галоўны рэдактар дагэтуль не прызначаны. Газета” Прессбол ” выходзіць са студзеня 1991 года.

Падзяліцца: