Мінск 08:40

Амбасада Беларусі: Мы будзем працаваць з Крымам гэтак жа, як і з іншымі рэгіёнамі РФ

Замак "Ластаўчына гняздо" ў Ялце
Фота: funtime.com.ua

24 кастрычніка, Позірк. Беларусь будзе працаваць з Крымам “гэтак жа, як і з іншымі рэгіёнамі Расіі”, паведамляе ТАСС са спасылкай на дарадцу-пасланніка амбасады Беларусі ў РФ Аляксандра Шпакоўскага.

Прапагандыст, прызначаны на дыпламатычную службу сёлета ў верасні, выказаўся наконт стасункаў афіцыйнага Мінска з анэксаваным Расіяй украінскім паўвостравам на Ялцінскім міжнародным форуме, які праходзіць 23–24 кастрычніка ў Маскве.

Паводле слоў Шпакоўскага, Беларусь “істотна інтэнсіфікавала кантакты” з Крымам. Улады ў Мінску, заявіў ён, цікавіць “стварэнне сумесных вытворчасцей і лагістыка, курортны патэнцыял” паўвострава.

Акрамя таго, сцвярджае дарадца-пасланнік амбасады, Беларусь зацікаўленая ў выкарыстанні партовай інфраструктуры Крыма. Разам з тым ён падкрэсліў, што для рэалізацыі звязаных з ёй праектаў “патрабуецца дэталёвая прапрацоўка і адпаведныя інвестыцыйныя ўкладанні”.

Шпакоўскі на форуме заявіў, што Мінск “разумее матывы Расіі і падзяляе мэты СВА” (тэрмінам “спецыяльная ваенная аперацыя” расійскія і беларускія ўлады называюць развязаную РФ поўнамаштабную вайну супраць Украіны), “адказна выконвае свае саюзніцкія абавязацельствы, аднак не пакідае намаганняў для дасягнення міру сярод усходнеславянскіх народаў”.

Раней стала вядома, што 20 кастрычніка па маршруце Ялта — Мінск пачаў курсіраваць аўтобус. Рэйсы выконваюцца раз на чатыры дні.

30 лістапада 2021 года ў інтэрв’ю міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву “Россия сегодня” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-факта — “гэта расійскі Крым”, а пасля рэферэндуму 2014 года “і дэ-юрэ Крым стаў расійскім”. Паводле яго сцвярджэння, украінскія вайскоўцы без бою аддалі Крым, баючыся, што паўвостраў пяройдзе пад кантроль НАТО.

У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў пра намер Кіева вярнуць Крым “любымі сродкамі, якія палічыць правільнымі”.

Ялцінскі міжнародны эканамічны форум праводзіцца з 2015 года, звычайна ў анэксаваным Крыме, у красавіку. У 2020 і 2021 гадах ён не адбыўся праз пандэмію каранавіруса. У 2022 годзе форум планавалася правесці ўвосені, але ў выніку ён быў перанесены на 2023 год.

Паводле інфармацыі арганізатараў, у цяперашнім форуме ўдзельнічаюць дэлегацыі больш як 40 краін, шырока прадстаўлены дзяржавы Афрыкі.

Падзяліцца: