Мінск 06:13

Марш з удзелам Ціханоўскай да Дня Волі ў Празе сабраў каля 200 беларусаў

Фота: "Позірк"

24 сакавіка, Позірк. У прымеркаваным да Дня Волі маршы ў Празе ўзялі ўдзел больш за 200 беларусаў — 24 сакавіка яны прайшлі з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі са Старамесцкай плошчы да помніка ахвярам камунізму.

Удзел у маршы прыняла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, якая ў гэты дзень адкрыла ў сталіцы Чэхіі памятны знак у гонар Францыска Скарыны.

Калона беларусаў ішла пад песні Лявона Вольскага “Тры чарапахі” і “Перамен” Віктара Цоя. Людзі скандзіравалі “Жыве Беларусь”, “Слава Украіне”, “Верым. Можам. Пераможам”, “Лукашэнку ў аўтазак”.

Фота: "Позірк"

Ігар, адзін з удзельнікаў акцыі, паведаміў карэспандэнту “Позірку”, што з’ехаў з Беларусі яшчэ да падзей 2020 года. “Я заўсёды адзначаю Дзень Волі. За мяжой мы можам адсвяткаваць гэты дзень адкрыта ў адрозненне ад беларусаў, якія засталіся на радзіме. У Празе я магу сказаць на вуліцы “Жыве Беларусь”. Дома — не. Пакуль так будзе, дадому не паеду”, — адзначыў ён.

Удзельніца акцыі Яўгенія сказала, што вучыцца ў Празе і марыць, каб у Беларусі “сінія пальцы адпусцілі народ”. “Паглядзіце, — звярнула ўвагу яна, — беларусы ішлі па Празе, нас ахоўвала паліцыя. Яны нават рух транспарту спынілі на некалькі хвілін, каб мы маглі перайсці дарогу да помніка. Так паліцыя павінна працаваць, а не біць жанчын, як яны рабілі са мной восенню 2020 года”.

Фота: "Позірк"

У мітынгу каля помніка ахвярам камунізму ўдзельнічалі каля ста чалавек. Ён пачаўся з хвіліны маўчання ў памяць аб памерлых палітвязнях. Затым удзельнікі акцыі спявалі беларускія песні.

Ціханоўская, якая далучылася да іх, падкрэсліла, што Дзень Волі “аб’ядноўвае ўсіх беларусаў, дзе б яны ні знаходзіліся”. Паводле яе слоў, Беларуская Народная Рэспубліка — “сімвал нязломнасці беларусаў, іх рашучасці”.

Пры рэжыме Лукашэнкі гэты дзень сімвалізуе “супрацьстаянне дыктатуры”, а ў розныя гады 25 сакавіка тысячы беларусаў” выходзілі на акцыі пратэсту пад бел-чырвона-белым сцягам”, сказала палітык.

“Цяпер, калі Беларусь знаходзіцца пад пагрозай страты незалежнасці, Дзень Волі набывае асаблівы сэнс. Гэта не толькі барацьба за нашу дзяржаву, але і за само існаванне Беларусі”, — перакананая Ціханоўская.

Фота: "Позірк"

Канстатаваўшы, што ў Беларусі адзначаць гэтае свята немагчыма, дэмлідар паведаміла, што 25 сакавіка Дзень Волі будуць святкаваць у 20 краінах. Такім чынам беларусы замежжа падтрымаюць “барацьбу і тых, хто знаходзіцца ў засценках рэжыму”.

“Мы павінны выходзіць і далей, — падкрэсліла Ціханоўская, — пакуль усе палітвязні не будуць вызваленыя, а злачынцы пакараныя. Пакуль Беларусь не вырвецца з кіпцюроў Расійскай імперыі”.

Фота: "Позірк"

Гадавіну абвяшчэння незалежнасці БНР адзначае дэмакратычная супольнасць Беларусі, афіцыйна ў краіне гэтага свята няма.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года любыя спробы публічна адзначыць Дзень Волі ўнутры краіны прыводзяць да затрыманняў і судоў, як мінімум па адміністрацыйных абвінавачваннях. Гістарычныя падзеі, звязаныя з БНР, дэманізуюцца дзяржпрапагандай. Нацыянальныя сімвалы названыя “калабарацыянісцкімі” і фактычна абвешчаныя па-за законам. Значэнне БНР для беларускай дзяржаўнасці лічыцца перабольшаным, а сама рэспубліка пазіцыянуецца як “марыянеткавая”, створаная пад германскім пратэктаратам у завяршальнай фазе Першай сусветнай вайны.

Найбольш маштабна ў Беларусі Дзень Волі адзначаўся ў юбілейным 2018 годзе — на 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці БНР. Свята было афіцыйна дазволенае і прайшло ў розных гарадах краіны.

Падзяліцца: